У Польшчы абвешчанае папярэджанне: каля мяжы з Беларуссю магчымыя палёты вайсковай авіяцыі
04.02.2024, 22:58
Вайсковыя самалёты ЗША. (Фота: centcom.mil)
podpis źródła zdjęcia
«Адказ на пагражальную сітуацыю».
Польская агенцыя аэранавігацыі распаўсюдзіла адмысловае папярэджанне, вядомае як NOTAM. Яно тычыцца цывільнай авіяцыі і звязанае з «магчымай актывізацыяй вайсковых самалётаў у адказ на пагражальную сітуацыю на ўсходняй мяжы», паведамілі ва Ўзброеных сілах Польшчы.
Вайсковыя самалёты ЗША. (Фота: centcom.mil)
Навігацыйнае папярэджанне мусяць узяць да ўвагі авіякампаніі і ўсе пілоты цывільнай авіяцыі. Яно будзе дзеяць з 5 лютага да 5 траўня.
Пілоты маюць быць на гукавой сувязі з зямлёю на пэўных каналах. Таксама належыць абавязкова ўлучаць транспондар – прылада, што аўтаматычна паказвае, дзе знаходзіцца самалёт, у адказ на запыт з зямлі.
Зона, на якую распаўсюджваецца папярэджанне, улучае раёны Польшчы ўздоўж мяжы з Расеяй (Калінінградскай вобласцю), Беларуссю і Украінаю.
,,
«Гэта прызначана для папярэджвання цывільных карыстальнікаў паветранай прасторы пра магчымую актыўнасць вайсковых самалётаў у звязку з пагражальнай сітуацыяй на ўсходняй мяжы», – паведамілі ва Ўзброеных сілах Польшчы.
Там тлумачаць, што навігацыйныя папярэджанні звязаныя з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі.
Вайсковыя самалёты ЗША. (Фота: centcom.mil)
Нельга выключаць, што цяперашнія абмежаванні выкліканыя маштабнымі вучэннямі NATO «Steadfast Defender» («Стойкі абаронца»), што працягнуцца да 31 траўня. Гэтыя манеўры альянсу назвалі найбуйнейшымі з часоў «халоднай вайны»: запланаваны ўдзел 90 тысячаў вайскоўцаў з 31 краіны NATO, будуць задзейнічаныя больш за 50 караблёў, 80 знішчальнікаў, гелікоптараў і беспілотнікаў, больш за тысячу баявых машынаў.
Дадатковую складанасць для авіяцыі ў зоне навігацыйнага папярэджання могуць выклікаць дзеянні расейскіх вайскоўцаў у Калінінградскай вобласці. Яны з дапамогаю сродкаў радыёэлектроннай барацьбы блакуюць сігналы GPS, а гэта пагражае перашкодамі ў працы навігацыйных сістэмаў самалётаў, а таксама караблёў. Праблемы з сістэмаю GPS зафіксавалі ў Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі ды Фінляндыі.