Мастачцы Ганне Крук прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі»
09.02.2024, 15:08
Ганна Крук
podpis źródła zdjęcia
Дзяўчыну судзілі паводле так званага «народнага» артыкулу.
8 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску адбыўся суд над мастачкай Ганнай Крук паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх»). Суддзя Іна Сівец прысудзіла 32-гадовай дзяўчыне 3 гады «хатняй хіміі», паведамляе «Вясна».
Ганна Крук
Мастачку Ганну Крук затрымалі ўвечары 29 лістапада 2023 года ў кавярні «Маркс» у Менску. Праз два дні над мастачкай адбыўся суд паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»).
Паводле пратаколу, Ганна «дэманстравала карціну з БЧБ-сцягам, што стала даступным неабмежаванаму колу асобаў». Сваю віну Крук не прызнала і патлумачыла суду, што сапраўды размясціла ў кавярні сваю карціну, але на ёй няма выявы бел-чырвона-белага сцяга. У выніку суд пастанавіў арыштаваць дзяўчыну на 13 содняў. Аднак пасля гэтага яна на свабоду не выйшла, супраць яе распачалі крымінальную справу.