навіны

Ізраіль знайшоў тунэль «Хамасу» пад штаб-кватэраю ААН у Газе

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

У UNRWA заявілі, што нічога пра гэта не ведалі.

Ізраільскія вайскоўцы знайшлі тунэль баевікоў «Хамасу» пад офісам Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізоўвання працаў (UNRWA) у Газе. Пра гэта паведамляе «Reuters».
Ізраільскія вайскоўцы паказалі тунэль замежным журналістам. Даўжыня тунэлю складае 700 метраў, а глыбіня – 18 метраў. Паводле прадстаўніка Цагалю, там быў размешчаны адзін з камандных пунктаў «Хамасу», з якога кіравалі баявымі дзеяннямі. Імаверна, перад наступам Ізраілю баевікі пакінулі камандны пункт.
Паводле кіраўніцтва UNRWA, яны не ведалі, што размяшчаецца пад іхнай штаб-кватэрай у Газе, і не могуць пракаментаваць інфармацыю ізраільскіх вайскоўцаў. У агенцтве зазначаюць, што офіс быў эвакуяваны яшчэ 12 кастрычніка 2023 года, праз пяць дзён пасля пачатку вайны.
Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізоўвання працаў было створанае ў 1949 годзе пасля першай арабска-ізраільскай вайны. UNRWA кіруе школамі, сацыяльнымі абʼектамі, медычнымі цэнтрамі і размяркоўвае харчовую дапамогу сярод палестынскіх уцекачоў.
Пасля пачатку вайны Ізраілю і «Хамасу» UNRWA апынулася ў цэнтры міжнароднага скандалу. Паводле звестак ізраільскай выведкі, прынамсі 12 працаўнікоў UNRWA былі датычныя да тэрарыстычнай атакі на Ізраіль 7 кастрычніка. У выніку нападу былі забітыя каля 1200 асобаў і больш за 200 узятыя ў закладнікі. Калі пра гэта стала вядома, некалькі краінаў-донараў абвясцілі, што прыпыняюць фінансаваць агенцтва.
Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10