Быць праваслаўным і не залежаць ад Масквы. Як Канстанцінопаль развіваецца ў Літве
15.02.2024, 11:24
Святар Георгій Рой. (Фота: Наша Ніва)
podpis źródła zdjęcia
І як гэта стварае альтэрнатыву ўжо і ў беларускім царкоўным жыцці.
Новы статус, які атрымала супольнасць праваслаўных Канстанцінопальскага патрыярхату ў Літве, стварае новыя перспектывы і магчымасці для яе развіцця. А само яе існаванне дае шанец для станаўлення альтэрнатывы ўжо і ў беларускім царкоўным жыцці. Пра гэта ў размове з «Белсатам» распавёў святар Георгій Рой з Беларускай праваслаўнай супольнасці Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні.
Святар Георгій Рой. (Фота: Наша Ніва)
8 лютага Міністэрства юстыцыі Літвы надало юрыдычнае прызнанне праваслаўнай супольнасці Канстанцінопальскага патрыярхату. Да гэтага, адзначае Георгій Рой, супольнасць была вымушаная дзейнічаць не як рэлігійная супольнасць, а як грамадскае аб’яднанне.
,,
«Такі юрыдычны статус не адпавядаў сутнасці нашай дзейнасці і шмат у чым нас абмяжоўваў», – адзначае святар.
Пры гэтым Праваслаўную царкву Літвы Канстанцінопальскага патрыярхату зарэгістравалі як традыцыйную дэнамінацыю. А паводле літоўскіх законаў, усе традыцыйныя рэлігійныя арганізацыі атрымоўваюць дзяржаўнае фінансаванне, якое можна накіроўваць на развіццё інфраструктуры і рэалізацыю праектаў (адукацыйных, культурных і іншых). Таксама гэты статус дае дазвол на выкладанне рэлігіі ў школах.
«Для нашага экзархату гэта вельмі важна, бо мы праходзім працэс станаўлення, у нас вельмі шмат задачаў, якія трэба вырашаць», – заяўляе Георгій Рой.
Стварэнне структураў Канстанцінопальскага патрыярхату ў Літве стала адказам на выгнанне з мясцовай мітраполіі Расейскай праваслаўнай царквы святароў, якія ў 2022 годзе выступілі супраць расейскага ўварвання ва Украіну. Пазбаўленыя сану літоўскія святары з рэпрэсіямі не пагадзіліся і скарысталіся правам апеляцыі да Канстанцінопальскага патрыярхату. Той 17 лютага 2023 года вынес рашэнне: царкоўныя прысуды пяці літоўскім святарам у РПЦ былі «заснаваныя абсалютна не на царкоўных крытэрах, а на справядлівай нязгодзе вышэйзгаданых клірыкаў з вайной ва Украіне». На гэтай падставе Усясветны патрыярхат аднавіў святароў у сане і прыняў іх у свой склад.
Святар Георгій Рой. (Фота: Наша Ніва)
Неўзабаве да супольнасці Канстанцінопальскага патрыярхату ў Літве далучыліся і двое вядомых беларускіх святароў: Аляксандр Кухта з Менску і Георгій Рой з Горадні, якія з прычыны пагрозы палітычных рэпрэсіяў мусілі пераехаць у Літву.
На сёння, кажа айцец Георгій Рой, у склад Літоўскага экзархату ў юрысдыкцыі КП уваходзяць дзесяць прыходаў. Чатыры з іх месцяцца ў Вільні. Таксама яны ёсць у Коўне, Клайпедзе, Шаўлях, Анікштах і іншых месцах. Імі апякуюцца дзесяць святароў.
«Да нас звяртаюцца людзі і з іншых гарадоў. Жадаюць мець такія парафіі. Яны не надта шматлюдныя, але там заўсёды ёсць пара дзясяткаў чалавек, якія б хацелі да нас далучыцца», – адзначае святар.
Новы статус, на ягоную думку, будзе спрыяць развіццю і інтэграцыі супольнасці Канстанцінопальскага патрыярхату ў жыццё літоўскага грамадства. Пры гэтым суразмоўца мяркуе, што расейскамоўныя жыхары Літвы ўсё ж будуць надалей трымацца пераважна Расейскай праваслаўнай царквы.
,,
«Але ёсць шмат людзей, якія надзвычай не задаволеныя палітыкай РПЦ і прыглядаюцца пакуль да нас, як у нас арганізуецца жыццё», – кажа ён.
Тым не менш, паводле святара, «пэўны патэнцыял росту» ў супольнасці Канстанцінопальскага патрыярхату ў Літве ёсць. Асабліва гэта датычыць нацыянальных дыяспараў, перадусім, беларускай і ўкраінскай. Ёсць у Вільні і расейскамоўны прыход Усясветнага патрыярхату, дзе сабраныя «людзі, якія выйшлі з Маскоўскай царквы і ў аб’ядналіся ў сваю парафію».
У студзені літоўскіх і беларускіх святароў Канстанцінопальскага Патрыярхату ў Літве ўзнагародзілі Міжнароднай прэміяй Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША ў галіне абароны свабоды веравызнання. У апісанні ўзнагароды адзначалася, што святары былі выгнаныя са сваіх цэркваў з прычыны актыўнага супрацьдзеяння вайне Расеі супраць Украіны.
,,
«Іхная адвага прадэманстравала важнасць веры, аддзеленай ад палітыкі ў разгар вайны і дыктатуры», – гаварылася ў паведамленні.
Георгій Рой называе ўзнагароду «сапраўды важнай адзнакай», бо «гэта барацьба за тое, каб адчуваць сябе свабодна ва ўласным веравызнанні. Магчымасці свабодна гаварыць пра тое, як ты разумееш Евангелле і што ў тваім жыцці або жыцці тваёй Царквы супадае ці не супадае з евангельскім вучэннем». На думку святара, яна таксама дазволіць супольнасці выбудоўваць дыялог і сувязі на міжнародным узроўні з рознымі рэлігійнымі дзеячамі і інстытуцыямі.
Не забылі беларускіх святароў і ў РПЦ. Неўзабаве пасля пераходу ў Канстанцінопальскі патрыярхат яны былі забароненыя ў служэнні. Працягваецца іх цкаванне ў медыях Расейскай праваслаўнай царквы і сёння. У сваю чаргу ўлады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» тэлеграм-канал беларускага прыходу ў Вільні.
Святар Георгій Рой. (Фота: Наша Ніва)
Георгій Рой прызнае, што афіцыйныя медыі РПЦ «прыкладаюць шмат намаганняў» для дыскрэдытацыі як экзархату, гэтак і святароў, якія да яго належаць.
«Але я заўсёды падзяляю інстытуцыі, іерархію і звычайных святароў і вернікаў. І лічу, што сапраўдная царква жыве не ў інстытуцыях, а ў людзях. На асабістым узроўні мы шмат з кім падтрымліваем стасункі», – кажа святар.
А варожая пазіцыя з боку іерархіі і медыяў РПЦ, паводле яго, – гэта «прыкрая акалічнасць, не надта прыемны фон, але з гэтым можна жыць. У прынцыпе, было зразумела, што так гэта і будзе».
«Мы стараемся не абвастраць нейкіх супярэчнасцяў і не накручваць варожасці і падзяленняў», – заявіў Георгій Рой.
Агулам, кажа святар, стварэнне беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхату паказвае «праваслаўную альтэрнатыву».
,,
«Аказваецца, можна быць праваслаўным і не залежаць ад Маскоўскай царквы», – адзначае суразмоўца.
Паводле яго, роля прыходу ў гэтым «можа і павінна быць значнай»:
«Але каб выканаць гэтую місію для нашага народу, для будучыні Беларускай праваслаўнай царквы мы шмат павінны рабіць. Патэнцыял вялікі, і я сапраўды малюся Богу, каб у нас былі сілы рэалізаваць гэты патэнцыял. Каб і праваслаўныя вернікі-беларусы, і нашае беларускае грамадства прыняло гэтую альтэрнатыву, і мы маглі плённа ўзаемадзейнічаць з людзьмі добрай волі, з нашымі суайчыннікамі. І каб мы маглі зрабіць свой унёсак у будучыню, у культуру, у захаванне спадчыны нашага народу. Задачаў вельмі шмат – дай Бог долі і сілаў нам».