На былога журналіста з Магілёва завялі справу паводле «экстрэмісцкага» артыкулу
13.02.2024, 14:25
Яўген Глушкоў. (Фота: mogilev.media)
podpis źródła zdjęcia
Яўгена Глушкова затрымалі ў пачатку студзеня.
Праваабаронцы «MAYDAY TEAM» даведаліся, што супраць былога відэааператара Яўгена Глушкова завялі крымінальную справу за нібыта «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». Колішняга журналіста затрымалі ў пачатку студзеня.
Яўген Глушкоў. (Фота: mogilev.media)
«Яўгена Глушкова затрымалі ў пачатку студзеня пры дапамозе штурму, бо мужчына не адчыніў дзверы сілавікам. Яго выцягнулі на вуліцу ў той вопратцы, у якой ён знаходзіўся дома», – піша тэлеграм-канал «MAYDAY TEAM».
Як паведамляюць праваабаронцы, справу супраць Глушкова распачалі «за журналісцкую дзейнасць». Былога відэааператара абвінавачваюць паводле артыкулу «Стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».
Апошні раз ён звязваўся са знаёмымі 4 студзеня, пасля гэтага знік: дома не з’яўляўся, нікому не пісаў і не званіў. Глушкоў жыў адзін, з жонкаю і сынам кантакты апошнім часам не падтрымліваў.
Раней ён працаваў на гарадскім тэлебачанні, супрацоўнічаў з рознымі гарадскімі парталамі.