Яшчэ адзін расейскі карабель пайшоў знакамітым курсам. Што вядома пра «Цэзара Кунікава»
14.02.2024, 19:44
Вялікі дэсантны карабель «Цэзар Кунікаў». (Фота: losbarcosdeeugenio.com)
podpis źródła zdjęcia
На ягоным борце магло быць да 90 вайскоўцаў РФ.
14 лютага Збройныя сілы Украіны патапілі ў Чорным моры яшчэ адзін расейскі вялікі дэсантны карабель – «Цэзар Кунікаў». На яго борце магло быць да 90 вайскоўцаў РФ. Іхны лёс невядомы.
Вялікі дэсантны карабель «Цэзар Кунікаў». (Фота: losbarcosdeeugenio.com)
Як паведамляў тэлеграм-канал «Крымский ветер», раніцай 14 лютага жыхароў акупаванай Алупкі на поўдні Крыму пабудзілі выбухі і стральба ў моры недалёка ад берагу. Таксама ў моры відаць быў слуп дыму. Выбухі прагучалі каля сёмай раніцы, аднак пускаў ракет не было. Паводле аднаго з падпісчыкаў, быў атакаваны расейскі карабель, які затым патануў.
Неўзабаве Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны апублікавала відэа, знятае марскімі беспілотнікамі. На апублікаваных кадрах былі паказаныя манеўры марскіх дронаў, якія набліжаліся да расейскага карабля, а таксама працэс паступовага затаплення карабля. У ГУР адзначылі, што быў падбіты расейскі вялікі дэсантны карабель «Цэзар Кунікаў».
,,
«Паспяховую місію ажыццявілі спецназаўцы «Групы 13» ГУР МА Украіны. Рэалізацыя спецаперацыі стала магчымай пры падтрыманні платформы «United24», – гаварылася ў паведамленні.
Карабель быў атакаваны ўдарнымі марскімі дронамі «Magura V5», «у выніку «Цэзар Кунікаў» атрымаў крытычныя прабоіны на левым борце і пачаў тануць».
Прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў у каментары NV адзначыў, што большасць чальцоў экіпажу «Цэзара Кунікава» загінула. Штатная колькасць экіпажу карабля складае 87 асобаў. Паводле Юсава, карабель затануў, і аднаўленне яго немагчымае. Прадстаўнік ГУР паведаміў, што, паводле звестак украінскай разведкі, у момант атакі на борце БДК быў груз боепрыпасаў.
Прадстаўнік Вайскова-марскіх сілаў Украіны Дзмітрый Плецянчук у каментары LIGA сказаў, што дакладная колькасць маракоў, якія былі на караблі, пакуль не вядомая, але «страты сярод асабовага складу павінны быць істотнымі». Ён адзначыў, што «пошукавая аперацыя поспехам не завяршылася».
Плецянчук адзначыў, што калі карабель быў у моры – «значыць, экіпаж быў на борце».
У Крамлі каментаваць страту яшчэ аднаго карабля адмовіліся. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў падчас прэсавай канферэнцыі заявіў, што каментаваць ход вайны ва Украіне – гэта «прэрагатыва выключна Міністэрства абароны» і парэкамендаваў звярнуцца да прэс-службы вайсковага ведамства.
,,
«Гэта ўсё ж такі непасрэдна звязана з ходам спецыяльнай ваеннай аперацыі. Я наконт гэтага нічога сказаць не магу», – сказаў ён, піша ТАСС.
У сваю чаргу генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на брыфінгу ў Бруселі адзначыў, што ўкраінскія войскі, патапіўшы карабель «Цэзар Кунікаў», нанеслі сур’ёзныя страты Чарнаморскаму флоту РФ, перадае «АрміяInform».
«Украінцы здольныя наносіць вялікія страты расейскаму флоту ў Чорным моры. Яны змаглі выцесніць Чарнаморскі флот Расеі з заходняй часткі Чорнага мора. Гэта вялікае дасягненне, вялікая перамога для ўкраінцаў», – заявіў ён.
Паводле яго, дзякуючы дзеянням украінскіх Збройных сілаў быў адкрыты калідор для экспартных перавозак, і цяпер Украіна зможа пастаўляць харчаванне на сусветныя рынкі.
Што за карабель такі?
«Цэзар Кунікаў» – расейскі дэсантны карабель, які базаваўся ў Севастопалі. Ён быў спушчаны на ваду ў 1986 годзе. Атрымаў імя ў гонар героя Савецкага Саюзу Цэзара Кунікава, які быў забіты 14 лютага 1943 года, за 101 год да патаплення карабля.
Ён мог змясціць 87 членаў экіпажу на борце. Даўжыня карабля складае 112,5 м, шырыня – 15 м. Хуткасць ходу – 17,8 вузла. На БДК могуць быць размешчаныя артылерыйскае і ракетнае ўзбраенне.
Судна ўдзельнічала ў аперацыі ў Косава (1999), расейска-грузінскай вайне (2008), забяспечвала сірыйскую армію (2015).
Агульныя страты Расеі ў вайне ўключаюць ужо 25 караблёў і катараў і адну падводную лодку. Прадстаўнік Вайскова-марскіх сілаў Украіны Плецянчук у каментары радыё «Свабода» адзначыў, што пасля знішчэння «Цэзара Кунікава» ў Чорным моры з 13 караблёў Чарнаморскага флоту на службе застаецца толькі пяць адзінак.