Праваабаронцы апазналі сілавікоў, якія катавалі пратэстоўцаў у Цэнтральным РУУС Менску
14.02.2024, 18:44
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Сярод апазнаных ёсць і жанчыны.
Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі – спецпраект праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва», заснаваны разам з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі – правёў расследаванне катаванняў з 9 да 13 жніўня 2020 года ў Цэнтральным РУУС Менску.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Паводле падлікаў праваабаронцаў, праз установу прайшло ад 400 да 600 асобаў, у тым ліку замежнікі і няпоўнагадовыя.
«Апытаныя намі пацярпелыя кажуць пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання, фізічны гвалт (збіцці, пагрозы, ужыванне электрашокераў) і псіхалагічны ціск. Асабліва жорстка абыходзіліся з тымі, хто быў затрыманы паводле «палітычных» артыкулаў, меў нацыянальную сімволіку або вылучаўся нефармальным выглядам. Уначы, пад дажджом, затрыманыя гадзінамі ляжалі тварам у асфальт або стаялі ля сцяны ў балючых позах з паднятымі або адведзенымі назад рукамі. Нярэдка ручыцы былі перацягнутыя пластыкавымі будаўнічымі сцяжкамі ці кайданкамі», – гавораць праваабаронцы.
Яны прааналізавалі 54 інтэрв’ю з пацярпелымі, а таксама здымкі траўмаў і медычных дакументаў, на падставе чаго была складзеная храналогія падзеяў. А з дапамогай праваабарончага цэнтру «Вясна» і «Кіберпартызанаў» удалося скласці спіс 88 працаўнікоў Цэнтральнага РУУС, «якія з найбольшай імавернасцю ўдзельнічалі ў катаваннях затрыманых».
Хоць большасць сілавікоў былі ў балаклавах або медычных масках, а многія з пацярпелых праз страх новага пераследу вырашылі не ўдзельнічаць у працэсе апазнання, тым не менш быў складзены спіс з 33 сілавікоў, якіх пацярпелыя апазналі. Сярод іх ёсць і жанчыны.
Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі заклікае міжнародную супольнасць прыняць захады і падтрымаць пацярпелых, дамагаючыся адказнасці за здзейсненыя злачынствы, каб такія падзеі ніколі не паўтарыліся.
Еўрапейскі парламент 8 лютага прыняў рэзалюцыю ў пытанні парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Дэпутаты хочуць ператварыць разгляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ў цалкам незалежны следчы механізм, а таксама захаваць мандат спецыяльнага дакладчыка ААН у правах чалавека ў Беларусі, адначасова ўмацоўваючы падсправаздачнасць праз экстэрытарыяльную і ўніверсальную юрысдыкцыю.