Палітвязень скардзіцца на адсутнасць належнай медычнай дапамогі і лекаў.
Сцяпан Латыпаў, які цяпер адбывае пакаранне ў магілёўскай турме № 4, захварэў на цынгу – хваробу, якая з’яўляецца ад нястачы вітаміну С.
Сцяпан Латыпаў. (Фота: Сцяпан Латыпаў / vk.com)
Пра хваробу, якую знайшлі ў Сцяпана Латыпава, журналістам выдання «Позірк» паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Са словаў суразмоўцы выдання, Латыпаў скардзіцца на тое, што ён не атрымлівае належнай медычнай дапамогі і яму не перадаюць лекаў.
Цынга – хвароба, якая развіваецца ў чалавека на фоне дэфіцыту вітаміну С (аскарбінавай кіслаты). Характарызуецца кроватачывасцю дзяснаў, сухасцю скуры, кровазліццём у сустаўныя поласці, расхістваннем зубоў.
Сцяпан Латыпаў быў асуджаны на 8,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафаваны на 300 базавых велічыняў (8700 рублёў). 15 верасня 2022 года судом Івацэвіцкага раёну ён быў пераведзены на турэмны рэжым тэрмінам на два гады, пасля этапаваны ў магілёўскую турму №4.