У Менску вялікія заторы. Расказваем, як падрыхтаваць аўтамабіль і ездзіць у непагадзь
20.02.2024, 12:38
11 снежня 2022 года. (Фота: БелТА / belta.by)
podpis źródła zdjęcia
Пільнымі трэба быць і пешаходам.
На большай частцы тэрыторыі Беларусі ў аўторак, 20 лютага, адзначаюцца складаныя ўмовы надвор’я. Калянулявая тэмпература, мокры снег з дажджом, дрэнная бачнасць і галалёдзіца значна ўскладняюць дарожную сітуацыю.
11 снежня 2022 года. (Фота: БелТА / belta.by)
Ранкам аўтамабільныя коркі ў Менску праз непагадзь дасягнулі 6 балаў. Паводле звестак сэрвісу «Яндэкс.Коркі», коркі назіраюцца ў цэнтры сталіцы: на вуліцах Камсамольскай, Леніна, Янкі Купалы, Маскоўскай.
Вось некалькі парадаў, як кіроўцам падрыхтаваць свой аўтамабіль і ездзіць у складанае надвор’е.
Ранкам перамагчы наледзь на шкле аўтамабіля дапаможа стрэйч-плёнка. Напярэдадні абматайце ёй лабавое шкло, зафіксаваўшы адзін канец пасажырскімі дзвярыма. Нават калі ўначы пройдзе ледзяны дождж, размарожваць шкло не давядзецца – дастаткова проста зняць плёнку з наледдзю.
Калі машына ўсё ж пакрылася лёдам, то вам дапаможа ізапрапілавы спірт. Развядзіце яго вадой у прапорцыі два да аднаго, папырскайце растворам на шкло і пачакайце рэакцыі, паўтарайце, пакуль не дасягняце жаданага выніку.
Выходзячы з салона аўтамабіля, вазьміцеся спачатку за дах ці дзверы, а потым ужо пастаўце ногі на зямлю.
Стрэсвайце снег з абутку перад тым як сесці ў машыну. Калі гэтага не рабіць, то вільгаць выкліча запацяванне шкла, а мокрыя дыванкі – карозію дна. Для барацьбы з запацяваннем можна выкарыстоўваць туалетную паперу. Яна вельмі хутка ўбірае кандэнсат са шкла і люстэркаў.
У снезе ці на лёдзе лепш пачынаць рух з другой перадачы. Так прасцей кантраляваць прабуксоўку колаў. Пачынаючы рух пад гару, можна выкарыстоўваць першую перадачу, а, крануўшыся з месца, адразу пераходзіць на другую.
У менскай Дзяржаўтаінспекцыі нагадалі аб правілах язды ў складанае надвор’е. Так, кіроўцам неабходна выбіраць найбольш бяспечныя хуткасць, дыстанцыю і бакавы інтэрвал. Не дапускаць рэзкіх манеўраў і непрадказальных паводзінаў, асабліва падчас праезду пешаходных пераходаў і скрыжаванняў, закругленняў дарог. Трэба прышпіліцца самім і паклапаціцца пра бяспечную перавозку пасажыраў, асабліва дзяцей.
Пры пераходзе праезнай часткі пешаходам трэба быць вельмі ўважлівымі, глядзець у бакі, пачынаць пераход толькі пасля таго, як пераканаюцца, што кіроўцы іх заўважылі і паспелі спыніць аўтамабіль.