Новыя цяжкасці для мігрантаў. Кватэру можна будзе прадаць толькі пры асабістай прысутнасці
22.02.2024, 16:11
Жилой комплекс «Каскад» в Минске (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Неўзабаве ў Беларусі зʼявіцца шмат нерухомасці, якую ніхто не прыняў у спадчыну.
У беларусаў, якія жывуць за мяжою, можа яшчэ больш ускладніцца працэс продажу маёмасці ў Беларусі. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода».
Жилой комплекс «Каскад» в Минске (Фота: Белсат)
Як піша выданне, супрацоўнікі КДБ праяўляюць цікавасць да дзейнасці натарыяльных кантораў, якія займаюцца афармленнем угодаў з нерухомасцю.
«Правяралі ўсіх, праводзілі гутаркі, як цяпер афармляць угоды з нерухомасцю. Заявілі, што трэба, перш чым аформіць здзелку, праверыць, ці ёсць чалавек у спісах тэрарыстаў ці экстрэмістаў. Калі так, то “паведаміць у органы”», – патлумачыла крыніца.
Паводле суразмоўцы, цяжкасці з афармленнем узнікаюць не толькі таму, што не працуюць даверанасці, аформленыя за мяжою, але і таму, што шмат якія адміністрацыйныя працэдуры пры продажы нерухомасці змянілі. Цяпер пасля натарыяльнай здзелкі кватэру трэба аформіць у агенцтве дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастру, прычым прадаўцу і пакупніку трэба з’явіцца асабіста.
,,
«Інакш нерухомасць не зарэгіструеш», – кажа крыніца.
Таксама суразмоўца мяркуе, што неўзабаве ў Беларусі зʼявіцца шмат нерухомасці, якую ніхто не прыняў у спадчыну пасля смерці ўласніка. І яна пасля адыдзе дзяржаве. На думку суразмоўцы, змены вядуць да таго, каб можна было «адціскаць кватэры ў тых, хто выехаў за мяжу».
Тым не менш, пакуль на падставе генеральнай даверанасці, аформленай у Беларусі, яшчэ можна прадаць нерухомасць ці атрымаць даведку на чалавека, які за мяжой.
Іншая крыніца дадала, што для натарыусаў нядаўна праводзілі адмысловае навучанне, каму і як прадаваць кватэры ў сучасных умовах.
,,
«Бо, думаю, людзі знаходзілі нейкія “дзіркі”, каб усё-такі прадаць кватэру ў Беларусі. Цяпер жа сказалі строга – толькі асабістая прысутнасць, калі не – вылеціш з працы як мінімум», – дадала крыніца.
На яе думку, рыхтуецца забарона на продаж нерухомасці ў Беларусі без прысутнасці ўласніка.
Аляксандр Лукашэнка 4 верасня 2023 года падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». Дакумент змяніў парадак ажыццяўлення адміністрацыйных працэдураў, а таксама натарыяльныя дзеянні, якія маюць права ўчыняць дыпламатычныя агенты і консульскія службовыя асобы. У прыватнасці, фактычна перасталі дзейнічаць даверанасці, аформленыя не ў Беларусі.