Чэхія ўвяла бестэрміновую забарону на візы для беларусаў і расейцаў. Але ёсць выключэнні
22.02.2024, 10:48
Беларускія пашпарты. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Забарону ўвялі пасля нападу Расеі на Украіну.
Урад Чэхіі працягнуў забарону на выдачу візаў і дазволаў на побыт грамадзянам Беларусі і Расеі. Пра гэта паведамляе Чэшскае агенцтва друку са спасылкай на прэм’ера краіны Пэтра Фіялу.
Беларускія пашпарты. (Фота: Белсат)
Забарону ўвялі пасля нападу Расеі на Украіну. У 2023 годзе забарону працягнулі яшчэ на год – да 31 сакавіка 2024-га. Цяпер жа чэшскі ўрад пастанавіў не пазначаць тэрміну дзеяння гэтых захадаў. Забарона на выдачу візаў і віду на жыхарства ў Чэхіі датычыць і тых грамадзянаў Расеі і Беларусі, у якіх адначасова ёсць грамадзянства іншай краіны.
Пры гэтым кароткатэрміновыя візы будуць выдаваць у выпадку, калі заяўнік ёсць чальцом сямʼі грамадзяніна Чэхіі ці Еўразвязу, якога ён суправаджае ці да якога едзе. Акрамя таго, ВНЖ будуць даваць чальцам сям’і замежніка, які мае від на жыхарства ў Чэхіі. Вынятак зроблены і для тых, чый побыт у краіне «адпавядае інтарэсам Чэшскай Рэспублікі, і гэтая зацікаўленасць была пацверджаная міністрам замежных справаў». Прадугледжаныя і паслабленні для студэнтаў з Беларусі, якія «прэтэндуюць на від на жыхарства з мэтаю навучання ў ВНУ на падставе стыпендыяў Чэхіі, Еўразвязу ці міжнародных арганізацыяў».
Тых, хто ўжо мае візу або ВНЖ у Чэхіі, гэтыя санкцыі таксама не датычаць.
Некаторыя выключэнні для грамадзянаў Беларусі сталіся магчымымі дзякуючы беларускім дэмакратычным сілам.