Санкцыі прынятыя да другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Лондан абвясціў пра новы пакет санкцыяў, які прымеркаваны да другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Абмежаванні закрануць не толькі РФ, але і Беларусь.
Галоўнаю мішэнню новых санкцыяў сталі прадпрыемствы, звязаныя з вытворчасцю боепрыпасаў і электронікі, а таксама кампаніі, якія гандлююць дыяментамі, энерганосьбітамі і металамі. Агулам у санкцыйны спіс дадалі 52 фізічныя і юрыдычныя асобы.
,, «Нашыя санкцыі пазбаўляюць Пуціна рэсурсаў, якія яму адчайна патрэбныя для фінансавання ягонай цяжкай вайны. Разам мы не саступім перад абліччам тыраніі. Мы працягнем падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе за дэмакратыю – столькі, колькі спатрэбіцца», – заявіў міністр замежных справаў Дэйвід Кэмэран.
У санкцыйны спіс у тым ліку ўключаныя два прадпрыемства з Беларусі: ААТ «Планар», што вырабляе паўправаднікі і іншую электроніку, і «Завод дакладнай электрамеханікі», які выпускае розную абаронную прадукцыю. У заяве брытанскага МЗС падкрэсліваецца, што гэтыя прадпрыемствы працуюць на тых кірунках, якія маюць стратэгічнае значэнне.
Глеб Нержын belsat.eu