«Інструмент паглыблення дыктатуры Лукашэнкі». У Вярхоўнай радзе Украіны пракаментавалі беларускія «бязвыбары»
25.02.2024, 16:42
Вярхоўная Рада Украіны. (Фота: REUTERS)
podpis źródła zdjęcia
Міжнародную супольнасць заклікаюць не прызнаваць легітымнасць так званых «выбараў» у Беларусі.
25 лютага міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднанне Рады Украіны «За дэмакратычную Беларусь!» выступіла з заявай, у якой заклікала міжнародную супольнасць не прызнаваць легітымнасць так званых «выбараў» у Беларусі і выкарыстоўваць усе даступныя інструменты для таго, каб Лукашэнка апынуўся за кратамі, піша «Радыё Свабода».
Вярхоўная Рада Украіны. (Фота: REUTERS)
У заяве адзначаецца, што сёлетнія «выбары» у Беларусі праводзяцца ва ўмовах фактычнай адсутнасці апазіцыі, міжнародных назіральнікаў, а таксама з тысячамі палітвязняў у турмах, а не на выбарчых участках. Дэпутаты згадваюць, што ў 2023 годзе быў падпісаны закон аб змене Выбарчага кодэксу Беларусі, згодна з якім на выбарах дэпутатаў быў скасаваны парог яўкі, што дазваляе праводзіць гэтыя выбары нават калі народ Беларусі адмаўляецца браць у іх удзел.
«Правядзенне парламенцкіх і мясцовых «выбараў сёння – не ёсць працэсам волевыяўлення беларускага народу, а толькі інструментам паглыблення і ўкаранення дыктатуры самаабвешчанага прэзідэнта Лукашэнкі», – гаворыцца ў заяве.
У ёй міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднанне Рады Украіны «За дэмакратычную Беларусь!» заклікае ўрады і парламенты дэмакратычных краінаў свету «падтрымаць барацьбу беларускага народу за сваю волю».
25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасавання, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га склікання і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га склікання.