Не прагаласаваў – вылецеў з лякарні. У Рагачове пагражаюць пацыентам
25.02.2024, 15:02
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Пацыентам лякарні прыгразілі выпіскай са стацыянара і іншымі праблемамі за адмову галасаваць на «выбарах».
У Рагачове адміністрацыя лякарні запатрабавала ад пацыентаў, якія знаходзяцца на лячэнні, абавязковага галасавання. Тым, хто адмаўляецца, прыгразілі выпіскай са стацыянара і іншымі праблемамі, піша «Флагшток».
(Фота: @flagshtok / Telegram)
Такая сітуацыя адбылася ў Рагачоўскай ЦРБ. Абураная пацыентка напісала ў чат Рагачоўскага райвыканкаму ў суботу перад апошнім днём галасавання.
На ціск паскардзілася жыхарка Рагачоўскага раёну, якая не мае беларускага грамадзянства:
«Калі я не хачу і не грамадзянін РБ, чаму мяне прымушаюць галасаваць прымусова! Пагражаючы тым, што выпішуць са шпіталя…».
Дадаткова на пацыентку націснулі абвінавачваннямі ў парушэнні іміграцыйнага заканадаўства.
Супакойваць пацыентку стаў працаўнік ЦРБ пад імем Зміцер (у чаце акаўнт з такім імем адказвае за інфармаванне аб дзейнасці Рагачоўскай лякарні). Ён паведаміў, што іншаземцаў галасаванне не датычыцца і нагадаў, што ў больніцы знаходзіцца закрыты ўчастак для галасавання. Ці з’яўляецца галасаванне прымусовым, прадстаўнік ЦРБ не ўдакладніў.