навіны

Лукашэнка не збіраецца расціскаць сініх пальцаў з горла Беларусі

Аляксандр Лукашэнка. (Фота: president.gov.by)
Аляксандр Лукашэнка. (Фота: president.gov.by)
podpis źródła zdjęcia

Падчас галасавання 25 лютага палітык абвясціў, што збіраецца ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка 25 лютага прагаласаваў на «выбарах» у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя саветы дэпутатаў. Падчас гэтага ён паведаміў прысутным прапагандыстам, што збіраецца ўдзельнічаць у «выбарах» прэзідэнта Беларусі ў 2025 годзе, паведаміла прэс-служба палітыка.
Аляксандр Лукашэнка. (Фота: president.gov.by)
Аляксандр Лукашэнка. (Фота: president.gov.by)
Галасаваў Аляксандр Лукашэнка на 478-м участку ва Універсітэце фізкультуры. Паглядзець на гэта з’ехаліся прапагандысты дзяржаўных медыя. Традыцыйна палітык выступіў перад імі са стэндапам. Ацаніць «жарты» можна дзякуючы яго прэс-службе:
«Шчыра скажу, нідзе ў свеце адкрытых сумленных выбараў як у Беларусі – няма! У нас гэта свята! Мы праводзім шчырую і сумленную палітыку! Нам патрэбна спакойнае жыццё і ў імя гэтага мы будзем рабіць усё!» – сказаў Лукашэнка.
«Людзі пачынаюць разумець: прэзідэнт у Беларусі – гэта вельмі цяжкая праца! І не кожны на гэта пойдзе. Так і з парламентам. Яго роля будзе стала падвышацца. Я заўсёды настройваў: мы павінны ісці эвалюцыйным шляхам. Спакойна ідзем, мадэрнізуючы сістэму. Гэта мая задача і ўсіх, хто са мной працуе», – працягнуў палітык.
На пытанне, ці збіраецца ён ісці на прэзідэнцкія «выбары», якія мусяць адбыцца ў 2025 годзе, Лукашэнка адказаў: «Перадайце апазіцыі, што пайду!»
«Чым складаней будзе абстаноўка, чым больш актыўна апазіцыя будзе бударажыць наша грамадства і вас у тым ліку (для мяне, паверце, гэта вельмі важна – ні адзін чалавек, адказны прэзідэнт не кіне сваіх людзей, якія за ім ішлі ў бой), чым яны будуць больш напружваць вас, мяне і грамадства, тым хутчэй я пайду на гэтыя выбары. Вы не хвалюйцеся, мы зробім так, як гэта трэба для Беларусі», – сказаў Лукашэнка.
«Усё роўна доўга яны будуць гуляць або ў кароткую – мэта адна: трэба Беларусь разгарнуць у зваротным напрамку. А для таго, каб яе разгарнуць, трэба зрынуць цяпер дзеючую ўладу. Гэта будзе вельмі складана, я ўпэўнены. Асабліва пасля правядзення Адзінага дня галасавання, выбараў. Таму што выберам мы абсалютна надзейных, талковых людзей, якія разумеюць, якія задачы стаяць перад нашым народам. Таму ніводны з варыянтаў, нават самы радыкальны, у іх не пройдзе ў Беларусі», – супакойвае сябе і прапагандыстаў Аляксандр Лукашэнка.
25 лютага ўпершыню ў Беларусі праходзяць аб’яднаныя выбары – адзіны дзень галасавання. Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У якасці кандыдатаў у дэпутаты зарэгістраваны толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.
Ася Саковіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10