навіны

Жыхара Наваполацку арыштавалі за стары пост пра гібель Рамана Бандарэнкі. Хроніка рэпрэсіяў

Партрэт забітага Рамана Бандарэнкі. (Фота: Белсат)
Партрэт забітага Рамана Бандарэнкі. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Агляд рэпрэсіяў беларускага рэжыму супраць беларусаў за 26 лютага. 

Агляд рэпрэсіяў беларускага рэжыму супраць беларусаў за 26 лютага.
Партрэт забітага Рамана Бандарэнкі. (Фота: Белсат)
Партрэт забітага Рамана Бандарэнкі. (Фота: Белсат)
Сем сутак адміністрацыйнага арышту прысудзілі жыхару Наваполацку, у сацсетках якога знайшлі стары пост у памяць пра забітага сілавікамі Рамана Бандарэнку, піша «Зеркало».
Паведамляецца, што публікацыю за 2020 год у сацсетцы «Вконтакте» знайшоў міліцыянт Наваполацкага гараддзялення, які «маніторыў» сацсеткі. Там была фатаграфія Рамана Бандарэнкі з бел-чырвона-белымі стужкамі ў руках і подпіс «Не забудзем!».
14 лютага мужчыну затрымалі і склалі пратакол за правядзенне несанкцыянаванага пікету без дазволу гарвыканкаму.
Суд адбыўся на наступны дзень. Судзіла яго, як гаворыцца ў Банку судовых рашэнняў, «суддзя Б». – верагодна, гэта Зінаіда Балаболава, якая вынесла ўжо больш за сотню палітычных прысудаў. На судзе мужчына прызнаў віну і не адмаўляў, што размясціў згаданы пост.
Музыку гурта «Минимум Дистанции» Жэню Шума асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі». Відэа з ім з’явілася ў праўладным тэлеграм-канале. Калі адбыўся суд і паводле якога артыкула – невядома.
У новым відэа Жэня Шум называе, чаму ён зноў фігуруе ў запісах сілавікоў: «Пасля выхаду на волю я вырашыў зноў звярнуцца з яўкай з павіннай у органы ўнутраных спраў, бо мною былі здзейсненыя данаты, якія фінансуюць экстрэмісцкую дзейнасць».
Першае відэа з музыкам зʼявілася ў студзені 2024-га. Хлопец казаў, што пасля выбараў кампанія, у якой ён працаваў, рэлакавала яго ва Украіну. Пасля пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ён пераехаў у Польшчу. Калі ў яго скончылася працоўная віза, яе адмовіліся падоўжыць. Пасля гэтага ён вярнуўся ў Беларусь, дзе яго затрымалі.
Прапагандысты з Магілёва паведамілі пра затрыманне Алены Карпенка. Мастачку-керамістку вінавацяць у здымках выбарчага ўчастка і дасыланні відэа «экстрэмістам».
Затрыманне адбылося ўжо пасля галасавання. Сцвярджаецца, што Карпенка «грукалася ў закрытыя дзверы пасля сканчэння галасавання, а пасля пераслала відэа экстрэмісцкаму рэсурсу». Сама ж затрыманая кажа, што даслала відэа сваёй знаёмай, якая жыве за мяжой. Дзе яно было апублікавана, дакладна невядома. Што пагражае затрыманай, прапагандысты не ўдакладняюць.
У Горадні затрымалі вулічнага музыку, які спяваў песню «Разбуры турмы муры». Кадры затрымання апублікавалі прапагандысты. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК пры ўдзеле спецназаўцаў з атраду «Тайфун», які рэгулярна ўдзельнічае ў рэпрэсіях. Сілавікі схапілі музыку на вуліцы. Яшчэ раней у іх з’явілася відэа, як ён выконвае вядомую песню «Муры».
Паводле інфармацыі @mediazona_by, затрыманы – Аляксей Петрык. Ён кажа на відэа сілавікоў, што прычынай затрымання стаў «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у адной з сацсетак.
Ася Саковіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10