навіны

Содні за малітву і «здрада дзяржаве» за данаты. Хроніка рэпрэсіяў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Агляд рэпрэсіяў за 27 лютага.

Сілавікі да гэтай пары затрымліваюць удзельнікаў пратэстаў 2020 года, пераследуюць святароў і караюць за любую падтрымку Украіны.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
За малітву за спыненне вайны ва Украіне пастара евангельскай царквы з Новалукомля Аляксандра Зарэцкага арыштавалі на 15 содняў, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».
Затрыманне Зарэцкага адбылося ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці ў мінулы чацвер. Згаданая малітва гучала ў яго абшчыне падчас набажэнстваў. Раней мясцовыя ідэолагі неаднаразова выказвалі прэтэнзіі пастару за такія малітвы і пагражалі пераследам. Мясцовых чыноўнікаў раздражняла і тое, што Аляксандр Зарэцкі адмаўляўся ўдзельнічаць у палітычных мерапрыемствах. Летась Зарэцкага двойчы асудзілі на 15 содняў арышту за «распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі».
За каментары ў Telegram у Менску затрымалі супрацоўніцу аднаго з прадпрыемстваў Марыну Валасевіч. У відэа губазікаўцы паказваюць каментары, якія прыпісваюцца жанчыне. Яна кажа, што «пісала дрэнныя каментары ў экстрэмісцкія каналы пра супрацоўнікаў міліцыі, пракуратуры і Лукашэнку». У канцы абяцае, што «ніколі так больш не будзе рабіць».
Ініцыятыва «BY_help» паведамляе, што да некаторых людзей, якія раней «добраахвотна» пералічылі грошы дзяржаве за свае данаты ў 2020 годзе, зноў прыходзяць сілавікі.
Belsat
«By_Help»: тым, хто данаціў, цяпер пагражае справа аб «здрадзе дзяржаве» навіны
«Мы атрымліваем паведамленні, што тым, хто данаціў “BYPOL” або рэгулярна і шмат іншым фондам дапамогі, цяпер пагражае не выплата адкупных у стакратным памеры, а адразу справа аб здрадзе рэжыму – гэта да пятнаццаці гадоў турмы. Сёння стала вядома пра чарговы выпадак, калі данацёру шыюць менавіта такі артыкул», – піша ініцыятыва і раіць тым, хто рабіў данаты, выехаць з краіны, бо «адкупіцца не атрымаецца».
У Быхаўскім раёне міліцыя затрымала 54-гадовага мужчыну за сарваны чырвона-зялёны сцяг. Распачатая крымінальная справа. Затрыманаму выставілі абвінавачванне ў «здзеку з дзяржаўнай сімволікі».
Як паведамляе пракуратура, у ноч з 16 на 17 лютага мужчына ішоў побач з крамай у вёсцы Новы Быхаў, на якой вісеў чырвона-зялёны сцяг. Спачатку ён хацеў збіць яго палкай, але не атрымалася. Тады вясковец з дапамогай лесвіцы дацягнуўся да сцяга, выламаў яго з дрэўкам і схаваў. Міліцыянеры толькі праз некалькі дзён знайшлі яго на гарышчы гаспадарчай пабудовы (пра знікненне сцяга ім паведаміла мясцовая жыхарка). Сцвярджаецца, што мужчына сваім учынкам хацеў «прадэманстраваць сваё абразлівае стаўленне да дадзенага сімвала».
У Берасці затрымалі двух удзельнікаў пратэстаў 2020 года. Хлопцаў затрымлівалі пры сілавой падтрымцы атраду спецназу «Шторм», паведаміў праўладны тэлеграм-канал. Там сцвярджаецца, што маладзёны рабілі барыкады на праезнай частцы і кідалі камяні ў міліцыянтаў.
У судзе Маскоўскага раёну Берасця за «паклёп на Лукашэнку» асудзілі 57-гадовага чыгуначніка Генадзя Васілюка. Паводле звестак праваабаронцаў, 15 верасня 2023 года мужчына быў аштрафаваны за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Акрамя таго, яго звольнілі з лакаматыўнага дэпо «па дамове бакоў».
7 снежня 2023 года мужчына быў затрыманы ўжо ў межах крымінальнай справы аб «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 1 арт. 367 КК) і змешчаны пад варту. Васілюка абвінавацілі ў размяшчэнні рэакцыі «клас» у сацсетцы «Аднакласнікі» 8, 9 і 17 чэрвеня 2022 года пад трыма відэаролікамі з удзелам эканаміста Яраслава Раманчука. Пракурор Ягор Кронда палічыў віну мужчыны цалкам даказанай і запатрабаваў адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд быў абвешчаны на пасяджэнні 26 лютага, аднак праваабаронцам ён пакуль невядомы.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
У Менску сілавікі затрымалі сямейную пару. Іх «пакаяльныя» відэа апублікаваў 27 лютага набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал. На камеру мужчыну прымусілі сказаць, што ён «выходзіў у горад гуляць, дзе быў заўважаны з жонкай на так званых маршах». Яго жонка расказала, што працуе вядучым інжынерам у адной з прыватных праектных арганізацый сталіцы. Прапагандысты таксама абвінавацілі сужэнцаў у падтрыманні Украіны, падкрэсліўшы, што цяпер «вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы».
Ася Саковіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10