Пракуратура Гомельскага раёну загадала зняць з онлайн-продажу раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы»
01.03.2024, 16:25
Раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». (Фота: Радыё Свабода)
podpis źródła zdjęcia
У 2022 годзе ўлады прызналі кнігу «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Падчас маніторынгу інтэрнэт-сайтаў пракуратура Гомельскага раёну знайшла ў беларускай інтэрнэт-краме Bestbooks.by кнігу Бахарэвіча «Сабакі Еўропы» і змусіла зняць яе з продажу.
Раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». (Фота: Радыё Свабода)
У 2022 годзе суд Менскага раёну прызнаў раман «Сабакі Еўропы» экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Пракурор Гомельскага раёну вынес ПГУП «Кнігаград», якому належыць інтэрнэт-крама, прадпісанне, у якім запатрабаваў выключыць з каталогу дадзеную кнігу.
Раман «Сабакі Еўропы» быў выдадзены ў 2017 годзе, а ў 2018 годзе заняў другое месца ў прэміі Гедройця. У 2019-м расейскамоўны аўтарскі пераклад трапіў у шорт-ліст расейскай прэміі «Большая книга».
Акрамя таго, у прыкладанні «Яндекс Музыка» пракуратура знайшла кампазіцыю «Horst-Wessel-Lied» («Die Fahne hoch»), якую МУС Беларусі адносіць да нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі. Прадпісанне з патрабаваннем выдаліць музычную кампазіцыю было вынесенае на адрас ТАА «ЯндексБел».
«На патрабаванне пракуратуры Гомельскага раёну друкаванае выданне і музычная кампазіцыя, якія прапагандуюць нацызм, выключаныя з прапановаў да набыцця і праслухоўвання», – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.