Польскія кіроўцы вынайшлі спосаб не плаціць штрафы: спіхваюць парушэнні на беларусаў
03.03.2024, 18:42
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Pixabay / pexels.com)
podpis źródła zdjęcia
«Спраўдзіць інфармацыю і пакараць патэнцыйнага парушальніка амаль немагчыма».
У Польшчы ўласнікі аўтаў знайшлі шчыліну ў заканадаўстве, каб не плаціць штрафы за парушэнне правілаў дарожнага руху. Кіроўцы пазначаюць, што за стырном быў беларус або ўкраінец. Спраўдзіць гэтыя звесткі польскія службы не могуць, і сапраўдныя парушальнікі пазбягаюць адказнасці, піша выданне «Rzeczpospolita».
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Pixabay / pexels.com)
У суседняй краіне сістэма працуе так: калі фотарадар злавіў парушальніка, які перавысіў хуткасць, уласніку аўтамабіля дасылаюць патрабаванне раскрыць асобу кіроўцы. Уладальнік можа ўзяць штраф на сябе, можа паведаміць, хто быў за стырном, а можа пазначыць, што не ведае, хто кіраваў машынаю. Раней уласнікі часта адмаўляліся раскрываць кіроўцу, тады аўтаматычна атрымоўвалі штраф у 500 злотых (каля 400 беларускіх рублёў), затое пазбягалі налічэння штрафных балаў.
Напрыканцы 2023 года ў Польшчы змянілі заканадаўства, і цяпер, калі не раскрыць асобу, якая была за стырном у момант парушэння, уласніку аўтамабіля даюць падвойны штраф і не меней як 800 злотых (каля 650 рублёў).
У выніку палякі пачалі паведамляць, што машынаю кіраваў нібыта грамадзянін Беларусі або Украіны.
«Яны проста перадаюць звесткі грамадзянаў краінаў па-за ЕЗ. Службы такіх дзяржаваў, як Беларусь ці Украіна, не маюць супрацы з польскай паліцыяй, таму спраўдзіць інфармацыю і, галоўнае, пакараць патэнцыйнага парушальніка амаль немагчыма. Бальшыня такіх справаў, што даходзяць да суда, спыняецца», – піша «Rzeczpospolita».
Выданне пры гэтым нагадвае, што, калі падман уласніка транспартавага сродку ўдасца даказаць, яму будзе пагражаць да 3 гадоў пазбаўлення волі.