навіны

У Расеі апублікавалі запіс размовы нямецкіх генералаў пра пастаўкі Украіне «Taurus». Берлін пачаў расследаванне

Taurus KEPD-350 (Фота: Taurus-systems.de)
Taurus KEPD-350 (Фота: Taurus-systems.de)
podpis źródła zdjęcia

«Цяпер важна вельмі хутка высветліць акалічнасці справы».

Расейская прапагандыстка Маргарыта Сіманьян апублікавала 38-хвілінны запіс размовы нямецкіх генералаў з абмеркаваннем паставак Украіне ракетаў «Taurus». У Мінабароны ФРГ пацвердзілі, што сакрэтную канферэнцыю насамрэч праслухоўвалі. Канцлер Оляф Шольц заявіў, што ў Берліне расследуюць «вельмі сур’ёзны выцек» інфармацыі.
Taurus KEPD-350 (Фота: Taurus-systems.de)
Taurus KEPD-350 (Фота: Taurus-systems.de)
Сярод удзельнікаў размовы, як сцвярджае прапагандыстка Маргарыта Сіманьян, – начальнік аддзелу аперацыяў і навучанняў камандавання Вайскова-паветраных сілаў бундэсвэру Франк Грэфэ, інспектар ВПС Інга Герхартц і некалькі супрацоўнікаў цэнтру паветраных аперацыяў касмічнага камандавання бундэсвэру.
Афіцэры абмяркоўвалі імаверную пастаўку Украіне дальнабойных крылатых ракетаў «Taurus», разважалі, у якія тэрміны гэта ўдасца зрабіць, калі будзе прынятая адпаведная пастанова. Яны таксама казалі, што ўкраінскім вайскоўцам патрабуецца навучанне, абмяркоўвалі, дзе яно можа адбыцца, як у гэтым будуць удзельнічаць нямецкія ўзброеныя сілы.
Сіманьян сцвярджае, што генералы «абгаворвалі ўдары па Крымскім мосце», насамрэч яны казалі пра тое, якія цэлі могуць атакаваць украінцы ракетамі «Taurus». Вайскоўцы згадалі склады боепрыпасаў і «мост на ўсходзе» – імаверна, той самы Крымскі мост, што злучае Расею з акупаваным паўвостравам.
«Я хацеў бы яшчэ сказаць наконт знішчэння моста. Мы займаліся гэтым пытаннем і прыйшлі да высновы, што мост праз сваю велічыню падобны на ўзлётную паласу. Таму для яго можа спатрэбіцца не 10 і нават не 20 ракетаў», – кажа на запісы адзін удзельнік размовы. Яму на гэта адказалі: «Існуе думка, што «Taurus» дасць рады, калі выкарыстоўваць французскі знішчальнік «Dassault Rafale».
У міністэрстве абароны ФРГ прызналі, што размова праслухоўвалася. Пры гэтым у ведамстве адзначылі:


,,

«Цяпер мы не можам з упэўненасцю сказаць, ці былі ўнесеныя змены ў запісаную або пісьмовую версію, што распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках».


Імаверна, расейцы перахапілі інтэрнэт-канферэнцыю афіцэраў 19 лютага, калі яны рыхтаваліся да прамовы міністра абароны Нямеччыны Борыса Пісторыюса аб мэтазгоднасці паставак «Taurus» Украіне.
Канцлер Оляф Шольц, які не пагаджаецца на перадаванне гэтых ракетаў ЗСУ, заявіў, што ў Берліне расследуюць «вельмі сур’ёзны выцек» інфармацыі:


,,

«Цяпер важна вельмі дасканала, вельмі інтэнсіўна, вельмі хутка высветліць акалічнасці справы. Гэта патрэбна зрабіць абавязкова».


Міністэрства замежных справаў Расеі запатрабавала ад Нямеччыны тлумачэнняў.
«Афіцыйны Берлін абавязаны іх аператыўна даць. Спробы ўхіліцца ад адказаў на пытанні будуць разглядацца як прызнанне віны», – заявіла спікерка ведамства Марыя Захарава.
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у сваім Telegram-канале напісаў, што гэта скандал можа прывесці да развалу кіроўнай кааліцыі і, адпаведна, новых выбараў. Аналітык адзначае, што апазіцыйны блок ХДС/ХСС падтрымоўвае перадаванне Украіне ракетаў «Taurus». Шольца абвінавачваюць у тым, што ён называе хлуслівыя прычыны, праз якія пастаўкі нібыта немагчымыя.
Фрыдман не выключае, што цяпер тыя, хто выступае супраць паставак, будуць пазбаўленыя «апошніх сур’ёзных аргументаў і пераўтворыць іх у «карысных ідыётаў» Крамля».
«Сіманьян і кампанію можна павіншаваць з чарговым прапагандысцкім «поспехам»», – падсумаваў аглядальнік.
Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10