Вярхоўны суд ЗША дазволіў Доналду Трампу балатавацца ў прэзідэнты
04.03.2024, 21:06
Доналд Трамп. (Фота: Shealah Craighead / Official White House Photo / Wikimedia)
podpis źródła zdjęcia
Трамп назваў рашэнне Вярхоўнага суду «вялікай перамогай Амерыкі».
Вярхоўны суд ЗША 4 сакавіка аднагалосна прыняў бок Доналда Трампа, дазволіўшы былому прэзідэнту балатавацца ў прэзідэнты. Пра гэта паведамляе «The Washington Post».
Доналд Трамп. (Фота: Shealah Craighead / Official White House Photo / Wikimedia)
У снежні 2023 году суд штату Каларада забараніў Трампу ўдзел у выбарах на падставе таго, што палітык правакаваў паўстанне, распаўсюджваў непраўдзівую інфармацыю і заклікаў сваіх прыхільнікаў здзейсніць марш на Капітолій. Такім чынам, як сцвярджаецца, была парушаная 14-ая папраўка Канстытуцыі ЗША, што забараняе балатавацца ўдзельнікам мяцяжу.
Аднак Вярхоўны суд ЗША рашэнне суду Каларада адмяніў. Суддзі заявілі, што Канстытуцыя не дазваляе ніводнаму штату адхіляць кандыдата ў прэзідэнты ад нацыянальнай пасады, бо такая адказнасць «ляжыць на Кангрэсе, а не на штатах». Вярхоўны суд папярэдзіў, што калі адпаведныя рашэнні будуць прымацца на ўзроўні штатаў, то гэта прывядзе да хаосу ў краіне.
Пастанова Вярхоўнага суду ЗША распаўсюджваецца на іншыя штаты з аналагічнымі прэтэнзіямі да Трампа. Такім чынам, палітык застаецца найбольш імаверным кандыдатам у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі.
Трамп назваў рашэнне Вярхоўнага суду «вялікай перамогай Амерыкі».