Лукашэнка прызначыў намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі. Што пра яго вядома?
07.03.2024, 17:16
Аляксандр Ягораў. (Фота: brrb.by)
podpis źródła zdjęcia
Гэта малады банкір.
Аляксандр Лукашэнка прызначыў намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі Аляксандра Ягорава, які да гэтага займаў пасаду старшыні праўлення «Банку развіцця» Беларусі.
Аляксандр Ягораў. (Фота: brrb.by)
Лукашэнка распавёў, чаму абраў Ягорава:
«Вы чалавек зусім малады [Ягораву 38 гадоў. – Рэд.]. Вы бачыце маю палітыку, што пакаленні мяняюцца, прыходзяць новыя людзі. Гэта так павінна быць. Застылага нічога быць не павінна. Я падумаў, каб вось гэтую піраміду замкнуць на намесніка кіраўніка Адміністрацыі. Але патрэбен малады такі свежы погляд на гэта. Я сур’ёзна вывучаў вашу кандыдатуру і біяграфію».
Лукашэнка дадаў, што Аляксандр Ягораў банкір, таму «не трэба будзе браць памочніка па банкаўскай сферы».
Сапраўды Ягораў з сакавіка 2021 года быў прызначаны на пасаду старшыні праўлення «Банку развіцця». Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 2007 годзе і магістратуру каледжа Уільямса ў 2012 годзе. Кваліфікацыя – матэматык-эканаміст, магістр гуманітарных навук. У 2012 – 2015 гадах займаў пасады кіраўнікоў у Міністэрстве эканомікі, а з 2015 па 2019 гады таксама быў на высокіх пазіцыях у «Беларусбанку». У студзені 2019 года стаў намеснікам старшыні праўлення «Беларусбанку».
Аднак у публічным поле Ягораў дае справаздачу не толькі непасрэдна аб сваёй прафесійнай дзейнасці. Зрэшты, як і многія чыноўнікі ў Беларусі. Напрыклад, у верасні 2023 года на Дзень народнага адзінства, які прыдумалі чыноўнікі пасля жорсткага задушэння пратэстаў 2020 года, Ягораў прымаў гасцей на выставе ў «Банку развіцця».
«Дзень народнага адзінства – сімвал узʼяднання беларускага народу. Гэтае свята не толькі абʼядноўвае ўсіх, хто ведае і беражліва захоўвае гісторыю беларускай зямлі, любіць сваю краіну і ўносіць свой уклад у яе будучыню, але і нагадвае нам, што адзінства народу – гарантаваны поспех у развіцці роднай краіны», – сказаў тады Ягораў.