навіны

Словы «Жыве Беларусь!» – гэта 15 содняў, а знак «вікторыя» – 2,5 года «хіміі»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Хроніка рэпрэсій за 6 сакавіка.

«Белсат» працягвае весці хроніку рэпрэсіяў, якія штодня чыніць беларускі рэжым.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
Сёння стала вядома, што былому палітвязну Андрэю Кудзіку, які не выйшаў на волю пасля 15 содняў, інкрымінуюць абвінавачанне па ч. 1 арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»). Андрэй неаднаразова затрымліваўся ў 2020 і 2021 годзе, а ў 2022 годзе быў асуджаны да двух гадоў калоніі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыі і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). У ліпені 2023 Андрэй Кудзік выйшаў на свабоду, але ўвосень зноў затрымліваўся за віншаванне Украіны з Днём незалежнасці, якое зрабіў у Tik-Tok.
Берасцейскі абласны суд асудзіў жыхара Лунінца Аляксандра Паліўку па пяці крымінальных артыкулах: «Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый)» (ч. 3 арт. 361 КК), «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт 368 КК) і паклёп на яго (ч. 2 арт. 367 КК). Агулам мужчыну прысудзілі 7 гадоў калоніі. Як паведамляюць праваабаронцы, затрымалі Аляксандра за каментары ў сацсетках, пры гэтым невялікі каментар на адрас Лукашэнкі раздзялілі на два артыкулы: абраза і паклёп.
Праваабаронцы дадалі 4 новыя прозвішчы ў спіс палітычных зняволеных. Гэта Раман Забела, Ілля Палонскі, Максім Назарчук і Дар’я Мандзік. Такім чынам, на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1417 палітвязняў.
ГУБАЗіК затрымаў яшчэ 5 жыхароў Бярозы, якіх абвінаваціў ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года. Па ўсім відаць, гэта анансаваныя затрыманні, якія рабілі сілавікі ў панядзелак. Нагадаем, што ў той дзень яны затрымалі мінімум чатырох бярозаўчан.
У судзе горада Баранавічы праходзіць «судзілішча» адразу над васьмю грамадзянамі, якіх абвінавачваюць па «народным», 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Гэта Аляксандр Лявончык, Яўген Цыбулька, Юрый Хаванскі, Міхаіл Петраш, Філіп Сцёпін, Вячаслаў Баравік, Крысціна Дыдышка-Чаркашына і Іван Дыдышка. Верагодна, усіх іх абвінавачваюць у паслявыбарчых пратэстах 2020 года.
25 лютага ў судзе горада Ліды прайшоў суд над над інжынерам і бацькам двух непаўнагадовых дзяцей. Яго абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» паводле 24.23 КаАП. Нагодай стала тое, што мужчына ў сацсетцы «X» размясціў надпіс «Жыве Беларусь». На судзе ён прызнаў сваю віну. Яму прызначылі 15 содняў арышту.
Стала вядома, што 15 лістапада 2023 году ў судзе Глуска да 10 месяцаў «хатняй хіміі» асудзілі менеджарку Вольгу Глускую за тое, што яна запосціла ў інстаграм сторыз, якія нібыта зневажалі мясцовага інспектара ДПС. Жанчына прызнала віну, паводле яе словаў, яна размясціла ў сваім інстаграме ролік, бо была пакрыўджаная тым, што супрацоўнік ДПС склаў на яе пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні: у яе машыны не было тэхагляду. У якасці штрафу Вольга мусіць выплаціць амаль 2200 рублёў.
15 лютага да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» асудзілі Алу Кузняцову паводле «народнага», 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў адным з маршаў 2020 года. У якасці доказу быў прадстаўлены фотаздымак, на якім жанчына дэманстравала двума пальцамі сімвал «вікторыі». Жанчына прызнала віну і апазнала сябе на фотаздымку. Вядома, што яна мае праблемы са здароўем.
Сёння стала вядома, што за ўдзел у акцыі пратэсту затрыманы жыхар Горадні. Таксама сцвярджаецца, што ён нібыта пакідаў абразлівыя каментары пра міліцыянтаў і Лукашэнку. Па якім артыкуле затрымалі мужчыну і ў якім статусе ён знаходзіцца – невядома.
Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10