Жанчыну затрымалі за рэпост і кінулі ў камеру да «палітычных».
Прыхільніца «русского мира» і Z-актывістка Эльвіра Мірсалімава распавяла ў Фэйсбуку, што яна двое содняў правяла ў ізалятары часовага ўтрымання за ілюстратыўныя фотаздымкі «да антынацысцкіх і антызмагарскіх» допісаў.
Мірсалімаву выклікалі ў міліцыю і завялі адміністратыўную справу ў лютым. У жанчыны трое непаўналетніх дзяцей (у тым ліку дзіця-інвалід), але яе ўсё роўна затрымалі.
У РАУС на яе надзелі кайданкі. Адзін з супрацоўнікаў назваў «палітычнай прастытуткай», над чым смяяліся астатнія міліцыянты. Пры гэтым жанчыне дазволілі патэлефанаваць родным, каб тыя прывезлі неабходныя рэчы: «З таго, што мне прывезлі, дазволілі ўзяць толькі камізэльку, пракладкі і зубную пасту са шчоткай (усім гэтым потым дзялілася з сукамерніцамі, ім не так пашанцавала мець гэтыя рэчы ў ізалятары: для перадач «палітычным» дазволеныя толькі лекі)».
Актывістка кажа, што да трох гадзінаў ночы трымалі ў кайданках за спіною ў міліцэйскай машыне. «Да гэтага часу не аднавілася адчувальнасць скуры на адной руцэ» – адзначае яна.
У камеры, куды яна трапіла, усе аказаліся «палітычнымі»: сядзелі за падпіскі на Telegram-каналы.
,,
«Мне дасталася верхняя «шконка», металічныя драбы без матраца і падушкі: адна з жанчын з-за боляў у спіне магла спаць толькі седзячы на падлозе. Аказалася, «палітычным» ствараліся максімальна «утульныя ўмовы». Прынцыповы момант «народнага адзінства» – піша Мірсалімава.
Z-актывістка сутыкнулася з тыповымі ўмовамі, у якіх звычайна трымаюць «палітычных» у ізалятарах.
,,
«За ноч двойчы паднімалі. Усе праверкі ў «палітычных«, у адрозненне ад іншых затрыманых – выключна ў кайданках. Нанова знаёміліся, называлі прозвішчы для тых, хто забыўся».
Потым актывістку перавялі ў больш прасторную камеру, дзе яна сустрэлася з «бамжыхай у абасаным футры і з гнілымі нагамі».
,,
«Такім чынам, чатыры жанчыны 25, 42, 62 і 65 гадоў – спалі ў смуроду, холадзе (мы самі адчынялі фортачку), на металічных шконках без матраца, накрыўшыся курткамі. У «камфорце» знявагі і пагарды. Мая малодшая дачка, убачыўшы мяне ў судзе ў кайданках, прахварэла тыдзень».
Мірсалімава падкрэсліла, што яе судзілі «за фотаздымкі-ілюстрацыі да маіх антынацысцкіх і антызмагарскіх пастоў і артыкулаў, у тым ліку і за перапост Уладлена Татарскага».
Нагадаем, Мірсалімава актыўна выступае ў падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны, лічыць, што беларусы – гэта расейцы, а таксама адкрыта ўсхваляе Сталіна.