навіны

«BYPOL»: у 2020 годзе вонкавую вайсковую выведку кінулі на змаганне з пратэстамі

Пратэсты 2020 года ў Менску. (Фота: Рада БНР / Facebook)
Пратэсты 2020 года ў Менску. (Фота: Рада БНР / Facebook)
podpis źródła zdjęcia

«Вайсковыя выведнікі навучалі супрацоўнікаў МУС інфармацыйнаму проціборству».

Арганізацыя «BYPOL» заявіла, што ў 2020 годзе вонкавую выведку кінулі на змаганне з унутранымі «ворагамі». Пра гэта апавядаецца ў расследаванні, якое ініцыятыва апублікавала ў сваім YouTube-канале. Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў раскрыў імёны некаторых супрацоўнікаў сакрэтнага фармавання.
Пратэсты 2020 года ў Менску. (Фота: Рада БНР / Facebook)
Пратэсты 2020 года ў Менску. (Фота: Рада БНР / Facebook)
За вонкавую выведку ў Беларусі адказвае ГРУ Мінабароны, а таксама Галоўны цэнтр забеспячэння бяспекі інфармацыйных тэхналогіяў.
Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў, які рэпрэзентаваў расследаванне, назваў імёны кіраўнікоў гэтага цэнтру, што займаецца стратэгічнай выведкаю:
«У кампетэнцыю гэтага падраздзялення ўваходзіць інфармацыйна-аналітычная дзейнасць. Галоўны цэнтр месціцца ў будынку Генеральнага штабу на Камуністычнай вуліцы ў Менску. Колькасны склад – каля 30–40 вайскоўцаў», – паведаміў Азараў.
Ён адзначыў, што да 2020 года фармаванні, адказныя за вонкавую выведку, працавалі толькі з замежжам.
«Але з пачаткам тэрору супраць мірных грамадзянаў Лукашэнка істотна ўмяшаўся ў дзейнасць цэнтру. Неўзабаве пасля падзеяў 2020 года першы намеснік начальніка Ігар Кавальчук сфабрыкаваў данос міністру абароны на былога начальніка Дзмітрыя Ачыновіча. У даносе ён напісаў, што начальнік нібыта лаяльны да апазіцыі. І неўзабаве Ачыновіча звольнілі», – сказаў кіраўнік «BYPOL».
Ён сцвярджае, што ў жніўні – снежні 2020 года пад кіраўніцтвам Каныгіна працавала адмысловая група ў інфармацыйным супрацьдзеянні апазіцыі:


,,

«Разам з групаю, якую ўзначальваў Шэйман, вайсковыя выведнікі навучалі супрацоўнікаў МУС інфармацыйнаму проціборству. Вынік мы бачым у нашай інфармацыйнай прасторы: напампоўванне нянавісцю, эмацыйнае ўздзеянне, расчалавечванне праціўніка, засілле ботаў у сацсетках, якія імітуюць грамадскую думку, дэзынфармацыя».


Паводле яго, у 2021 годзе са складу другога цэнтру вылучылі чацвёрты цэнтр, які пачаў займацца выкананнем задач унутры краіны. «Асноўнай задачай стала процідзеянне беларускім дэмакратычным сілам. Начальнікам гэтага чацвёртага цэнтру стаў Сяргей Батраеў», – праінфармаваў кіраўнік «BYPOL».
Акрамя таго, увесну 2021 года ў самым Галоўным цэнтры забеспячэння бяспекі інфармацыйных тэхналогіяў пачаўся «жорсткі прэсінг і чыстка тых супрацоўнікаў, якіх западозрылі ў нелаяльнасці існай уладзе», заявіў Аляксандр Азараў. Колькі вайскоўцаў было звольнена і ці зазналі яны пераслед, ён не ўдакладніў.
Сцяпан Кубік belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10