Беларусы паспрабавалі даведацца, што з айчыннай вакцынай ад COVID. Іх зусім заблыталі
11.03.2024, 17:05
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вакцына COVID-19. Крыніца: pixabay.com
podpis źródła zdjęcia
На праект вылучылі больш за $ 30 млн, а людзям распавядаюць розныя версіі вынікаў.
Галоўны санітарны доктар Беларусі Аляксандр Тарасенка заблытаўся і заблытаў беларусаў звесткамі аб гатовасці беларускай вакцыны ад COVID-19. На яе распрацоўванне ўжо выдаткавалі больш за $ 30 млн, аднак выразнай інфармацыі аб стадыі гатовасці няма. Беларусы напісалі петыцыю з патрабаваннем растлумачыць гэта. Пасля адказу выйшла яшчэ больш версіяў пра тое, калі будзе вакцына.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вакцына COVID-19. Крыніца: pixabay.com
У снежні 2023 года галоўны санітарны доктар Беларусі Аляксандр Тарасенка сказаў, што ўжо «паспяхова прайшла трэцяя фаза клінічных выпрабаванняў для ўкаранення вакцыны». Трэцяя фаза азначае, што ўжо практычна ўсё гатова і ідзе правяранне, наколькі прэпарат эфектыўны і бяспечны.
Тарасенка таксама сказаў, што «вакцына, якая ўжо фактычна зарэгістраваная, у наступным годзе знойдзе сваё прымяненне згодна з календаром прышчэпак».
Аднак за тыдзень да заявы Тарасенкі рэктар Гомельскага медуніверсітэту Ігар Стома распавёў: «Цяпер ва ўніверсітэце створаная каманда даследнікаў, якія могуць якасна і ў тэрмін правесці клінічныя выпрабаванні». Гэта значыць, выпрабаванняў яшчэ не было? На дадатак, на сайце Цэнтру экспертызаў і выпрабаванняў ва ўмовах рэгістрацыі вакцыны «БелКовідВак» гаворыцца, што вакцына на «стадыі клінічнага даследавання I/II фазы».
Атрымліваецца некалькі версіяў, якія сведчаць аб рознай ступені гатовасці. А што сказалі людзям?
У адказе на петыцыю ад 5 сакавіка 2024 года гаворыцца, што «клінічнае даследаванне лекавага прэпарату “БелКовідВак” прызначанае для правядзення на базе Гомельскага абласнога клінічнага шпіталю… У цяперашні час суб’екты працягваюць удзел у гэтым даследаванні да дасягнення шасцімесячнага перыяду назірання пасля бустарнай вакцынацыі. Такім чынам, заключная справаздача аб правядзенні клінічнага даследавання “БелКовідВак” будзе аформленая да ліпеня 2024 года. Шырокая грамадскасць зможа азнаёміцца з агульнымі вынікамі даследавання прэпарату “БелКовідВак” не раней за жнівень 2024 года».
З адказу вынікае, што клінічныя даследаванні ўсё ж няскончаныя і, калі ўсё пойдзе паводле плану, іх вынік будзе ў другой палове года. Пры гэтым адказ на петыцыю даў сам Аляксандр Тарасенка, які яшчэ ў канцы 2023 года гаварыў, што практычна ўсё гатовае.