Атака беспілотнікаў на Белгарад: ёсць «прылёт» у гарадскую мэрыю
12.03.2024, 19:11
Мэрыя Белгараду пасля атакі дронаў. (Фота: v_v_demidov / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Агулам 12 сакавіка былі атакаваныя восем расейскіх рэгіёнаў.
Расейскі Белгарад 12 сакавіка быў атакаваны беспілотнікамі. Мясцовыя ўлады паведамляюць, што ёсць пацярпелыя.
Мэрыя Белгараду пасля атакі дронаў. (Фота: v_v_demidov / Telegram)
Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што адзін БПЛА ўрэзаўся ў будынак адміністрацыі гораду. Выбіты вокны, пашкоджаны фасад.
Две жанчыны, супрацоўніцы мэрыі, былі шпіталізаваныя: яны атрымалі аскепкавыя раненні. Адна з пацярпелых знаходзіцца ў цяжкім стане.
Мэрыя Белгараду пасля атакі дронаў. (Фота: v_v_demidov / Telegram)
Мэр Белгараду Валянцін Дэмідаў пазней удакладніў, што яшчэ двум пацярпелым была аказана медычная дапамога на месцы.
Гладкоў паведамляе пра яшчэ як мінімум два «прылёты» ў Белгарадзе: у дах гандлёвага цэнтру і сцяну крамы. Пацярпелых там не было. Але пашкоджаны аўтамабілі і фасады, выбіты вокны.
Акрамя таго, улады вобласці паведамляюць, што быў абстраляны горад Шабекіна, а таксама паселішчы Белгародскага раёну.
У сяле Галовіна ў выніку «прылёту» снарадаў два чалавекі атрымалі раненні.
Нагадаем, у ноч на аўторак, восем расейскіх рэгіёнаў былі атакаваныя беспілотнікамі: Курская, Белгародская, Ніжагародская, Маскоўская, Арлоўская, Ленінградская, Бранская і Тульская вобласці.
У выніку ў Арлоўскай вобласці загарэлася нафтасховішча, а ў Ніжагародскай – нафтаперапрацоўчы завод.
У ГУР Мінабароны Украіны заявілі, што з абʼектамі, якія выкарыстоўваюцца ў вайсковых мэтах, адпаведныя інцыдэнты могуць здарацца, аднак ведамства традыцыйна не можа каментаваць, хто і чым наносіў удары. «Але гэтая праца будзе працягнутая», – заявіў прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў.