У Менску не могуць знайсці амаль 35 тысяч работнікаў
14.03.2024, 22:36
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: minzdrav.gov.by)
podpis źródła zdjęcia
Сярод спецыялістаў больш за ўсё патрэбныя медыкі.
Па стане на 1 сакавіка кампаніі ў Менску шукалі 34,6 тысяч работнікаў. З іх па рабочых спецыяльнасцях – 21,6 тысячы або 62,3 % ад усіх кадраў, якія адсутнічаюць. Пра гэта паведамляе Камітэт працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: minzdrav.gov.by)
Пры гэтым па садзейнічанне ў працаўладкаванні да чыноўнікаў звярнуліся толькі 1513 чалавек. З іх дапамаглі знайсці занятак 63 % людзей. Гэта не толькі пастаянная праца, але і часовыя аплатныя грамадскія працы.
З ліку спецыялістаў больш за ўсё патрэбныя медычныя работнікі, спецыялісты ў сферы адукацыі і культуры, інжынерныя работнікі, фінансавыя работнікі, кіраўнікі арганізацый і іх структурных падраздзяленняў, спецыялісты ў розных сферах.
«У попыце на працоўныя кадры пераважаюць прафесіі гандлю і грамадскага харчавання (кухар, прадавец, кантралёр-касір, афіцыянт, мыйшчык посуду), будаўнічага профілю (муляр, маляр, тынкоўшчык, электрагазазваршчык), сферы транспарту (кіроўца аўтамабіля, тралейбуса, пагрузчыка, трактарыст), прамысловасці (аператар станкоў з праграмным кіраваннем, слесар механазборачных работ, слесар-рамонтнік, слесар-зборшчык бытавой тэхнікі, токар, фрэзероўшчык, электраманцёр), жыллёва-камунальнай гаспадаркі (рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў, слесар-сантэхнік, прыбіральнік тэрыторый), – піша Камітэт працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму.
Паводле звестак Рэспубліканскага банку вакансіяў, 14 сакавіка ў Беларусі шукаюць 138,6 тысяч работнікаў. З агульнай колькасці вакансіяў амаль 63 тысячы былі размешчаны ў апошні месяц.