«Я поўны матывацыі і сілаў». Мінабароны паказала задаволеных рэзервістаў, выкліканых на зборы
16.03.2024, 14:24
Ваеннаабавязаныя на зборах. (Фота: modmilby / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Правяранне боегатовасці войска трывае ў Беларусі з 11 сакавіка.
У Беларусі працягваецца правяранне боегатовасці войска. У 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе пачалі прымаць ваеннаабавязаных, якіх выклікалі на зборы позвамі. «Я поўны матывацыі і сілаў. Для мяне гэта абавязак. Зноў пабываць у вайсковым асяроддзі для мяне пашана», – цытуе Telegram-канал Мінабароны аднаго з «запаснікаў».
Ваеннаабавязаныя на зборах. (Фота: modmilby / Telegram)
Пра пачатак маштабнага правярання баявой гатовасці злучэнняў і вайсковых частак» міністэрства абароны Беларусі абвесціла 11 сакавіка. Тады паведамлялася, што асабовы склад мае «высунуцца ў прызначаныя раёны, зладзіць шэраг навучанняў і трэнаванняў, у тым ліку з баявой стралянінай».
У ведамстве таксама папярэдзілі, што запланаванае перасоўванне вайсковай тэхнікі, а таму на дарогах могуць час ад часу абмяжоўваць рух цывільнага транспарту.
16 сакавіка Мінабароны паведаміла, што ў 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе адкрыўся пункт прыёму асабовага складу – туды прыходзяць ваеннаабавязаныя, якіх выклікалі з запасу. «Іх забяспечваюць усім неабходным для выканання задач. Яны атрымоўваюць абмундзіраванне і рыштунак», – справаздачыцца міністэрства.
У Telegram-канале ведамства апублікавалі каментары некалькіх «запаснікаў», якія атрымалі позвы і прыйшлі на зборы. Адзін з іх, Аляксандр Каранеўскі, заявіў, што «поўны матывацыі і сілаў»:
,,
«Для мяне гэта абавязак. Кожны мужчына мусіць ведаць, як абараніць нашую беларускую зямлю. Абстаноўка за межамі нашай краіны неспакойная, і патрэбна заўсёды быць напагатове. Зноў пабываць у вайсковым асяроддзі для мяне пашана».
Іншы ваеннаабавязаны, Андрэй Паўлоўскі, таксама заўважыў, што «абстаноўка ў свеце з кожным днём атрымоўвае больш негатыўную афарбоўку»: «Таму такія зборы неабходныя для таго, каб кожны мужчына мог абараніць сваю зямлю, дом, родных і блізкіх».
Усе рэзервісты нібыта «з разуменнем» паставіліся да позваў, а адзін нават узрадаваўся, бо «сумаваў па войску».