навіны

«Трагічны фарс». Літва, Эстонія і Нямеччына не прызналі прэзідэнцкія выбары ў Расеі

Выбары прэзідэнта ў Расеі. (Фота: Коммерсантъ)
Выбары прэзідэнта ў Расеі. (Фота: Коммерсантъ)
podpis źródła zdjęcia

Грузія асудзіла галасаванне ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Улады Літвы і Нямеччыны заявілі, што не прызнаюць законнымі і правамернымі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Расейскай Федэрацыі. Грузія асудзіла правядзенне галасавання ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Выбары прэзідэнта ў Расеі. (Фота: Коммерсантъ)
Выбары прэзідэнта ў Расеі. (Фота: Коммерсантъ)


,,

«З беззаконня не можа ўзнікнуць закон, і з прымусу, прыгнёту і фальсіфікацыі – не можа ўзнікнуць паважаная ў міжнароднай прасторы легітымнасць. Таму мы не лічым і не называем гэтую фальсіфікаваную і імітацыйную працэдуру выбарамі, таму што яна, на жаль, больш падобная да трагічнага фарсу», – заявіў міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.


Намесніца прадстаўніка кабінету міністраў Нямеччыны Крысціане Хофман сказала, што Нямеччына не будзе прызнаваць «так званыя выбары прэзідэнта ў Расеі» правамернымі, таму што яны не былі «ні свабоднымі, ні справядлівымі».


,,

«Вынік быў загадзя зразумелы. Гэта былі недэмакратычныя выбары», – сказала Хофман.


Прадстаўнік МЗС Нямеччыны Себасцьян Фішэр сказаў, што ягонае ведамства апошнім часам не называе Пуціна прэзідэнтам, выкарыстоўвае толькі прозвішча без нейкага тытулу, і працягне так рабіць і надалей.
Прэзідэнцкія выбары ў РФ не прызнала таксама Эстонія.


,,

«Гэта не дэмакратычныя выбары, а рытуал самазацвярджэння аўтарытарнай улады. Расейскія выбары не з’яўляюцца ні сумленнымі, ні свабоднымі», – заявіў эстонскі МЗС.


Прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас яшчэ напярэдадні выбараў заявіла, што «працэс, які будзе праходзіць у Расеі з 15 па 17 сакавіка, не зʼяўляецца дэмакратычнымі выбарамі», а значыць, і называць Пуціна абраным прэзідэнтам Калас не мае намеру.
МЗС Грузіі асудзіў адкрыццё выбарчых участкаў на выбарах прэзідэнта РФ у Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Паводле грузінскіх уладаў, галасаванне на гэтых тэрыторыях, якія Грузія лічыць часова акупаванымі Расеяй, было незаконным, таму што прадстаўляла сабой з боку Расеі «крок, накіраваны супраць суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці» Грузіі.
«Міністэрства замежных справаў Грузіі асуджае правядзенне выбараў прэзідэнта РФ і незаконнае адкрыццё выбарчых участкаў у акупаваных рэгіёнах Грузіі з мэтай масавага ўцягнення ў іх мясцовага насельніцтва», – гаворыцца ў заяве грузінскага МЗС.
Ведамства звярнулася да міжнароднай супольнасці з заклікам даць ацэнку дзеянням Масквы і належным чынам адрэагаваць на іх.
У асуджэнні галасавання ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Грузію падтрымаў генеральны сакратар НАТО Енс Стольтэнберг, які 18 сакавіка знаходзіцца з візітам у Тбілісі.


,,

«НАТО працягвае заклікаць Расею перагледзець сваё прызнанне незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі», – сказаў Стольтэнберг падчас прэс-канферэнцыі і дадаў, што правядзенне Расеяй выбараў на гэтых тэрыторыях, як і ў акупаваных рэгіёнах Украіны, «абсалютна незаконнае».


Таксама Стольтэнберг зазначыў, што НАТО не лічыць выбары прэзідэнта ў Расеі ні законнымі, ні справядлівымі.
На працягу трох дзён, з 15 па 17 сакавіка ў Расеі праходзілі прэзідэнцкія выбары. Увечары 17 сакавіка дзяржаўны ВЦИОМ паведаміў, што паводле вынікаў экзітполу за Пуціна нібыта прагаласавалі 87 % выбарнікаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10