Затрыманы ў Арменіі на запыт сілавікоў беларус Яраслаў Новікаў атрымае прытулак у гэтай краіне
21.03.2024, 22:13
Яраслаў Новікаў. (Фота: @radiosvaboda / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
У Беларусі супраць хлопца распачатая крымінальная справа за ўхіленне ад службы ў войску.
Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце падчас кангрэсу Еўранэсту сустракалася са спікерам парламента Арменіі Аленам Сіманянам. Падымалася пытанне Новікава, затрыманага на запыт сілавікоў Беларусі. Прадстаўнікі Арменіі і паведамілі, што ён атрымае палітычны прытулак, паведамляе прэс-сслужба Ціханоўскай.
Яраслаў Новікаў. (Фота: @radiosvaboda / Telegram)
Яраслаў Новікаў не змог атрымаць у Грузіі балгарскую візу, таму ў пачатку лютага 2024-га вымушана прыехаў у Арменію. Яго затрымалі, паколькі малады чалавек быў уключаны ў базу міждзяржаўнага вышуку СНД на запыт Беларусі. На радзіме супраць хлопца распачатая крымінальная справа за ўхіленне ад службы ў войску.
Суд узяў беларуса пад варту для далейшай перадачы ў Беларусь, а апеляцыйны суд прызнаў законным яго арышт. Генеральная пракуратара Арменіі атрымала з Менску дакументы, паводле якіх сілавыя органы Беларусі патрабуюць выдачы. Новікаў звярнуўся да армянскіх уладаў па палітычны прытулак. Днямі мусіла адбыцца яго размова з супрацоўнікамі міграцыйнай службы.
17 сакавіка стала вядома, што ў Арменіі на запыт сілавікоў РБ затрыманы не толькі Яраслаў Новікаў, а чацвёра беларусаў. Іх усіх абвінавачваюць ва ўхіленні ад прызыву на вайсковую службу.