Кватэру Цапкалаў спрабуюць прадаць другі раз. Цяпер – з яшчэ большай зніжкай
25.03.2024, 14:44
Канфіскаваная кватэра Цапкалаў у Менску. (Фота: e-auction.by)
podpis źródła zdjęcia
Вераніка Цапкала папярэдзіла будучых пакупнікоў жытла, што абавязкова вернецца.
Праз электронны аўкцыён «БелЮрЗабеспячэнне» паўторна выставілі на продаж нерухомасць былога прэтэндэнта на прэзідэнцтва Валерыя Цапкалы. Увагу на гэта звярнула «Zerkalo».
Канфіскаваная кватэра Цапкалаў у Менску. (Фота: e-auction.by)
Гаворка пра трохпакаёвую кватэру агульнаю плошчаю 103,7 квадратнага метра з машына-месцам у доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску. У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек. Яе прадаюць з убудаванымі шафамі, кандыцыянерам, кухонным гарнітурам, выцяжкай, варачнай панэллю.
Пры гэтым адзначаныя наступныя абцяжаранні: арышт следчых органаў, забарона рэгістрацыйных дзеянняў рэгістравальнага органу, судовага выканаўцы.
Пачатковую цану маёмасці знізілі больш чым на 71 000 рублёў – да 286 753,76 рубля. Аўкцыён прызначылі на 9 красавіка.
У лютым 2024 года нерухомасць ужо спрабавалі прадаць. Аўкцыён не адбыўся праз адсутнасць удзельнікаў. Стартавая цана за трохпакаёўку была 358 442,2 рубля. Звычайна кватэры падобнай плошчы і на прыблізна такой адлегласці ад цэнтру Менску прадаюцца за 500–700 тыс. рублёў, а такую цану за квадратны метр можна сустрэць у адзінкавых абвестках, і тыя кватэры прадаюцца без машына-месца.
Вераніка Цапкала папярэдзіла будучых пакупнікоў жытла, што сям’я «абавязкова вернецца дадому і запатрабуе аплаты арэндных плацяжоў за ўвесь перыяд карыстання маёмасцю».