Падчас тэракту ў «Крокусе» двое беларусаў-ахоўнікаў ратавалі людзей. Адзін з іх прапаў
24.03.2024, 18:04
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Беларус Вадзім Кулік ратаваў людзей да апошняга і сам не выйшаў з будынку.
Адзін з ахоўнікаў у канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» Аляксей Асанушкаў распавёў расейскімі медыям пра тое, як яго калегі з Беларусі гераічна ратавалі людзей падчас тэракту 22 сакавіка. Пра гэта паведамляе Telegram-канал «RT на русском».
Алім Кашавараў. (Крыніца: Zerkalo.io)
Імя беларуса Аліма Кашавараваў, які працаваў у «Крокусе» ахоўнікам, стала вядома медыям яшчэ ўчора. Нарадзінец Бабруйску атрымаў сур’ёзнае раненне падчас тэракту і цяпер знаходзіцца ў скрайне цяжкім стане, ён падключаны да апарату ШВЛ.
Паводле ягонага калегі Аляксея Асанушкава, яны з Алімам Кашаваравым «былі на першай лініі», тэрарысты ішлі прама на іх.
,,
«Пачалі страляць, мы пачалі ратаваць людзей па максімуме. Ён (Алім Кашавараў – заўв. belsat.eu) выскачыў на злачынцаў, каб неяк спыніць іх, выратаваць людзей, яго адразу пасеклі чаргой.
Асноўная маса была ў зале ўжо, але ў холе таксама шмат людзей было. Яшчэ шмат не зайшло людзей. Перад намі быў натоўп. І яны пачалі ў спіны страляць людзей, якія захадзілі праз рамкі. Людзі пабеглі, мы сталі эвакуяваць адразу іх», – распавёў ён.
Імя другога беларуса-ахоўніка Асанушкаў агучыў упершыню – гэта Вадзім Кулік.
,,
«Ён ратаваў людзей да апошняга і сам не выйшаў. Ужо ўвесь абгарэлы быў такі… Яго пакуль не знайшлі», – патлумачыў Асанушкаў.
Паводле Асанушкава, у абодвух ахоўнікаў з Беларусі ёсць сем’і, дзеці. Абодвум крыху за 40 гадоў. «Неканфліктныя хлопцы, – кажа ён, – патрыёты». А адбор у ахову ў «Крокусе» сур’ёзны, абы каго не бяруць, патлумачыў ён.
Амбасада Беларусі ў РФ пакуль не можа пацвердзіць гібель Вадзіма Куліка, паведамляе БелТА. Што тычацца Кашаварава, то ён па-ранейшаму знаходзіцца ў цяжкім стане. «Лекары не даюць ніякіх прагнозаў», – кажуць у амбасадзе.