У Польшчы растлумачылі, чаму не збілі расейскую ракету ў сваім небе
24.03.2024, 16:14
Знішчальнік F-16. (Фота: Charn Lee / Pixabay)
podpis źródła zdjęcia
І анансавалі павелічэнне вайсковага кантынгенту на мяжы з Беларуссю, Украінай і Расеяй.
Уначы расейская крылатая ракета парушыла польскую мяжу і праз 39 секунд вярнулася ў паветраную прастору Украіны. Улады Польшчы заявілі, што ведалі траекторыю палёту ракеты і збілі б яе, калі б цэль была на тэрыторыі рэспублікі, перадае агенцыя PAP.
Знішчальнік F-16. (Фота: Charn Lee / Pixabay)
,,
«У выпадку з гэтай ракетаю не было пастановы яе збіваць. Мы ведалі траекторыю палёту, да таго ж, ракета была ў нашай прасторы вельмі кароткі час. Не было таксама пытання пра тое, каб нашыя знішчальнікі неяк умяшаліся, бо яна не накіроўвалася ўглыб нашай тэрыторыі», – заявіў спікер аператыўнага камандавання Узброеных сілаў Польшчы Яцэк Гарышэўскі.
Ракета парушыла мяжу ў Люблінскім ваяводстве, ляцела на вышыні 400 метраў з хуткасцю 800 кіламетраў у гадзіну. Увесь час за ёю назіралі сродкамі радыёлакацыі, запэўніў прадстаўнік польскага войска.
«Мы ведалі кірунак руху і вызначылі, дзе ракета пакіне нашую прастору. Бяспека нашай паветранай прасторы была забяспечаная ў максімальнай ступені. Мы стала сочым за сітуацыяй ва Украіне», – запэўніў Гарышэўскі.
Віцэ-прэм’ер, міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш, каментуючы інцыдэнт, заявіў, што кожная такая сітуацыя вывучаецца асобна:
,,
«Калі б былі нейкія прыкметы таго, што гэты аб’ект накіроўваўся да якой-кольвек цэлі на тэрыторыі рэспублікі, то, вядома, ён бы быў збіты».
Міністр назваў слушным дзеянні аператыўнага камандавання Узброеных сілаў, якое пастанавіла не чапаць расейскую ракету ў польскай прасторы.
Знішчальнік F-16. (Фота: Charn Lee / Pixabay)
Пры гэтым міністэрства замежных справаў Польшчы плануе запатрабаваць тлумачэнняў ад Масквы.
,,
«Польшча запатрабуе тлумачэнняў ад Расейскай Федэрацыі ў звязку з чарговым парушэннем паветранай прасторы краіны», – праінфармаваў афіцыйны прадстаўнік ведамства Павэл Вроньскі.
Ён таксама заклікаў Крэмль «спыніць тэрарыстычныя ўдары па народу і тэрыторыі Украіны, скончыць вайну і развязваць унутраныя праблемы краіны».
«Мы выказваем спачуванні ахвярам расейскіх бамбаванняў. Польшча асуджае ўсе формы тэрарызму і спробы гвалтоўнага перагляду межаў», – падкрэсліў Вроньскі.
Як паведамлялася, сёння ўначы супрацьпаветраная абарона знішчыла ў Днепрапятроўскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Кіеўскай, Валынскай і Львоўскай вобласцях 18 з 29 ракетаў і 25 з 28 беспілотнікаў. Гэта была трэцяя за тыдзень такая маштабная атака Расеі на Украіну. Адна ракета падчас гэтага абстрэлу заляцела ў польскую прастору.
Тым часам кіраўнік Мінабароны Владыслаў Касіняк-Камыш таксама анансаваў павелічэнне вайсковага кантынгенту ў памежных ваяводствах Польшчы, у тым ліку каля мяжы з Беларуссю:
,,
«Я кажу гэта не дзеля таго, каб запужаць, а каб стрымаць нашых супернікаў, каб ніводная імперыя зла ніколі не напала на нашую радзіму і краіны NATO, каб ніводнай імперыі зла не было карысці ад нападу на Польшчу або любога нашага саюзніка».
Міністр падкрэсліў, што ўзмацненне войска на ўсходніх межах Польшчы не будзе часовым:
«Гэта будзе сталая прысутнасць. Мы маем планы развіцця. Мы будзем узмацняць бяспеку, мы будзем абараняць кожнага суайчынніка і кожны кавалак зямлі».
Ужо цяпер вайскоўцы дапамагаюць памежнай ахове ў складзе Падляскай вайсковай аператыўнай групы.
На мінулым тыдні польскі камітэт нацыянальнай бяспекі абмяркоўваў у тым ліку сітуацыю на мяжы з Беларуссю і павелічэнне колькасці парушэнняў. Міграцыйны крызіс трывае з лета 2021 года. Сёлета зафіксавана ўжо больш за 2400 спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі, кажуць у Варшаве.