навіны

Лукашэнка зняпраўдзіў версію Пуціна пра ўкраінскі след у маскоўскім расстрэле

Аляксандр Лукашэнка (Фота: president.gov.by)
Аляксандр Лукашэнка (Фота: president.gov.by)
podpis źródła zdjęcia

Калі верыць Лукашэнку, тэрарысты збіраліся ўцякаць не ва Украіну, а ў Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка распавядаў, як дапамагаў Расеі лавіць тэрарыстаў, якія ўчынілі страляніну ў маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол». Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА перадало заяву Лукашэнкі, якая супярэчыць словам Уладзіміра Пуціна.
Аляксандр Лукашэнка (Фота: president.gov.by)
Аляксандр Лукашэнка (Фота: president.gov.by)
Паводле БелТА, Аляксандр Лукашэнка казаў, што «ў Беларусі з першых жа хвілінаў пасля здарэння былі прынятыя асаблівыя захады бяспекі, на ўзроўні спецслужбаў дзеялі паводле загадзя вызначанага алгарытму», і «ў тым ліку з гэтай прычыны тэрарысты не наважыліся ехаць у Беларусь, а рушылі ва Украіну».
«Яны не маглі пайсці ў Беларусь, – сцвярджаў Лукашэнка. – Іхныя куратары (у нас ёсць падазрэнні на некаторых, гэта я Пуціну пазваню, скажу свае падазрэнні) – яны разумелі, што ў Беларусь заходзіць нельга. Бо ў першыя хвіліны, як у Расеі частка вобласці перайшла на ўзмоцнены рэжым бяспекі, так і ў нас. У першыя ж хвіліны мне далажыў старшыня КДБ (ён займаецца антытэрарыстычнымі мерапрыемствамі). Мы паводле самай баявой сітуацыі прывялі ў дзеянне свае падраздзяленні.


,,

Таму яны ў Беларусь ніяк не маглі зайсці. Яны гэта бачылі. Таму адвярнуліся і пайшлі на ўчастак украінска-расейскай мяжы».


Уладзімір Пуцін 23 сакавіка выказваў іншую версію. Паводле яго, тэрарысты «рухаліся ў бок Украіны, дзе, паводле папярэдніх звестак, для іх з украінскага боку было падрыхтавана акно для пераходу дзяржаўнай мяжы».
Адразу пасля тэракту шэраг экспертаў выказваў здагадкі аб тым, што Пуцін абвінаваціць у нападзе Украіну. Аднак кіраўнік Расеі публічна пракаментаваў тэракт толькі на наступны дзень і Украіну згадаў толькі ў кантэксце «акна», не абвінаваціўшы наўпрост. І цяпер Пуцін намякае, што ў тэракце вінаватыя краіны Захаду – «тыя, хто ваюе з Расеяй рукамі кіеўскага рэжыму», але Украіну не вінаваціць наўпрост.
Дырэктар Федэральнай службы бяспекі Расеі Аляксандр Бортнікаў 26 сакавіка прызнаў, што тэракт рыхтавалі радыкальныя ісламісты, прыхільнікі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» (групоўка і сама ўзяла на сябе адказнасць). Гэтую версію ад пачатку называлі найбольш імавернай замежныя і незалежныя расейскія эксперты. Але Бортнікаў заявіў таксама, што тэракту «спрыяла» Служба бяспекі Украіны, і, маўляў, ёсць «напрацоўкі», якія сведчаць аб датычнасці да тэракту Украіны, Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі.
А сакратар Савету бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў 26 сакавіка на пытанне аб тым, хто стаіць за тэрактам, «Ісламская дзяржава» ці Украіна, з усмешкай адказаў: «Вядома, Украіна». Ніякіх доказаў украінскага следу расейскі бок па-ранейшаму не прывёў.
На момант публікацыі ў спісе загінулых 95 імёнаў, але апазнанне працягваецца. Са словаў кіраўніка Следчага камітэту Расеі, на вечар 25 сакавіка загінулымі лічылі 139 чалавек: 40 асобаў ад агнястрэльных раненняў, яшчэ дзве ад спалучэння агнястрэльных і колата-рэзаных ранаў, 45 асобаў у выніку пажару, прычыны смерці астатніх не называлі. Раненні і траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі як мінімум 182 чалавекі.
У Расеі тым часам задаюцца пытаннямі аб павольнай рэакцыі сілавікоў на тэракт, нягледзячы на папярэджанні з боку ЗША ды іншых краінаў аб рыхтаванні тэракту, і аб тым, чаму меркаваным тэрарыстам удалося так далёка ад’ехаць ад Масквы – іх затрымалі, паводле афіцыйнай версіі, непадалёк Бранску, куды ехаць чатыры гадзіны без уліку затораў. З’яўляюцца нават канспіралагічныя тэорыі (кшталту такой) аб датычнасці да тэракту самой ФСБ.
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10