Ноччу Расея атакавала ўкраінскія энергетычныя аб’екты
29.03.2024, 12:23
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: ranok.ictv.ua)
podpis źródła zdjęcia
Пашкоджана некалькі станцыяў.
Ноччу 29 сакавіка Расея зноў атакавала тэрыторыю Украіны «Шагэдамі» і крылатымі ракетамі. Пад абстрэл трапілі аб’екты энергетычнае інфраструктуры.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: ranok.ictv.ua)
Усяго ўкраінскім сілам СПА ўдалося збіць 84 паветраныя цэлі з 99, з іх – 58 «Шагэдаў» і 26 ракетаў. Агулам жа расейскія войскі выкарыстоўвалі для абстрэлу крылатыя ракеты Х-101/Х-555, кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59 і ракеты тыпу «Іскандэр-К».
Выбухі былі чутныя ў Дняпры і Дняпроўскай вобласці, а таксама ў Чаркаскай, Хмяльніцкай, Івана-Франкоўскай і Львоўскай вобласцях. Паветраная трывога была абвешчаная на ўсёй тэрыторыі Украіны.
Вядома, што падчас абстрэлу Польшча ўздымала ў паветра вайсковую авіяцыю для «бяспекі паветранай прасторы». Некаторыя СМІ паведамляюць, што адная з ракетаў магла пераляцець мяжу з Малдовай, але пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.
У выніку абстрэлаў у Днепрапятроўскай вобласці пашкоджаныя сама меней тры энергетычныя аб’екты, праводзіцца аварыйнае адлучэнне святла. Таксама ракета трапіла ў аб’ект энергетычнай інфраструктуры ў Чаркаскай вобласці, пры гэтым абломкі збітых беспілотнікаў трапілі ў нежылое памяшканне. У Кіеўскай вобласці пашкоджаныя два прыватныя будынкі, але абышлося без ахвяраў.
Паведамляецца таксама пра аднаго параненага ў Каменскім раёне Днепрапятроўскай вобласці.