Літва ўручыла паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту за словы Лукашэнкі пра Сувалкскі калідор
29.03.2024, 22:19
Міністэрства замежных справаў Літвы. (Фота: bns.lt)
podpis źródła zdjęcia
Заявы Лукашэнкі расцэньваюцца як далейшая эскалацыя агрэсіўнай знешняй палітыкі.
29 сакавіка МЗС Літвы выклікаў часовага паверанага ў справах Беларусі Яраслава Хмыля і ўручыў яму ноту «рашучага пратэсту» за выказванні Лукашэнкі пра Сувалкскі калідор, піша Delfi.
Міністэрства замежных справаў Літвы. (Фота: bns.lt)
Гаворка ідзе пра размову Лукашэнкі з беларускімі вайскоўцамі 26 сакавіка. У выказваннях, агучаных падчас яе, Літва ўбачыла неабгрунтаваныя абвінавачванні ў ваеннай пагрозе з боку Літвы, домыслы пра неабароненасць Сувалкскагу калідору і ўказанні аб падрыхтоўцы беларускай арміі да магчымага супрацьстаяння з краінамі Балтыі і Польшчай.
,,
«Колькі ў нас увесь час вякаюць пра Сувалкскі калідор? Колькі тут кіламетраў да Калінінградскай вобласці ад вашых межаў? Практычна нічога. Дарэмна яны сябе так паводзяць», – казаў Лукашэнка падчас сустрэчы з вайскоўцамі ў Ашмянскім раёне 26 сакавіка.
Літоўскі МЗС лічыць, што такія заявы могуць расцэньвацца як далейшая эскалацыя агрэсіўнай знешняй палітыкі беларускіх уладаў. Дыпламатычнае ведамства запатрабавала ад Беларусі афіцыйнага тлумачэння словаў Лукашэнкі і нагадала, што Літва прыме ўсе магчымыя меры для забеспячэння бяспекі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.
З 11 сакавіка ў Беларусі пачалося чаговае правяранне боегатовасці Узбореных сілаў. 26 сакавіка ў Ашмянскі раён з інспекцыяй ходу правярання прыляцеў Аляксандр Лукашэнка, дзе зрабіў пагрозлівую заяву аб правакацыях на мяжы і спытаў пра месца ў Літве, дзе базуюцца амерыканскія войскі.
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе абароне і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык 24 сакавіка заявіў, што Расея і Беларусь рыхтуюць планы выкарыстання ядравай зброі і «нейкага бліцкрыгу на Вільню», «беларускія генералы са сваймі калегамі з Масквы малююць стрэлкі на мапах у бок Вільні». Паводле Сахашчыка, улады Расеі і Беларусі спадзяюцца, што «цывілізаваны свет будзе шакаваны» такой эскалацыяй агрэсіі і «спыніць супраціў». Але ў выпадку атакі «Расею чакае вялікая ваенная катастрофа», упэўнены ён.