Абраная прэзідэнтка Беларусі апублікавала святочны зварот.
навіны
«Выстаяць і прайсці праз гэты цёмны час». Ціханоўская павіншавала беларусаў з Вялікаднем

podpis źródła zdjęcia
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская апублікавала зварот да беларусаў, якія 31 сакавіка святкуюць Вялікдзень.
«Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!.. Сёння мы вітаемся гэтымі словамі, і яны напаўняюць нас надзеяй. Гэтая надзея ў кожнага свая. А якая надзея ў нашага народу? «Людзьмі звацца» – казаў класік. Засноўваць сем’і, гадаваць дзяцей, будаваць свой дом і мець годнае жыццё на сваёй зямлі сярод сваіх людзей.
Сёння гэтыя простыя рэчы патрабуюць надзеі, але нашых з вамі намаганняў. Каб выстаяць і прайсці праз гэты цёмны час. Я жадаю ўсім нам у гэты светлы дзень Вялікадня трывала напоўніцца гэтай надзеяй. Не падаць духам. А штодзённа захоўваць у сабе святло і дабрыню. Змагацца за нашыя семʼі, за нашых блізкіх, за наш народ», – зазначыла яна.
Напрыканцы Ціханоўская працытавала верш Ларысы Геніюш.
«Так, будзем помніць мы ў кайданах,
Падняўшы сэрцы ўгару,
Што так, як Бог укрыжаваны,
Уваскрэсне наша Беларусь».
«Мы выстаім, захаваемся, пройдзем праз гэтую цёмную даліну», – падкрэсліла ў сваім звароце Ціханоўская.
Нагадаем, што сёлета 31 сакавіка каталікі па ўсім свеце святкуюць Вялікдзень – дзень Уваскрашэння Сына Божага Ісуса Хрыста.
Глеб Нержын belsat.eu