Нарадзінец Мазыра стаў ваенным аташэ прэм’ера Ізраілю
05.04.2024, 21:59
Раман Гофман. (Фота: прэс-служба ЦАГАЛЬ)
podpis źródła zdjęcia
Гэта адна з найвышэйшых пасад у вайсковай іерархіі.
Прэм’ер-міністр Ізраілю Біньямін Нэтаньягу прыняў рашэнне прызначыць брыгаднага генерала Рамана Гофмана на пасаду ваеннага аташэ прэм’ер-міністра. Раман Гофман – нарадзінец Мазыра, і цяпер менавіта ён зойме адну з найвышэйшых пасад у вайсковай іерархіі, прыкмеціў тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга».
Раман Гофман. (Фота: прэс-служба ЦАГАЛЬ)
Рашэнне аб прызначэнні Рамана Гофмана было прынятае 2 красавіка.
Раман Гофман нарадзіўся ў 1976 годзе ў Мазыры, а ў 1990-м рэпатрыяваўся ў Ізраіль і пасяліўся з сям’ёй у Ашдодзе. У 1995-м стаў праходзіць службу ў Цагаль. Скончыўшы афіцэрскія курсы, ён пачаў вайсковую кар’еру. Удзельнічаў у баявых дзеяннях на поўдні Лівана, у аперацыі «Абарончая сцяна», у Другой Ліванскай вайне і ў чатырох войнах у сектары Газа.
З ліпеня 2020 года стаў брыгадным генералам і атрымаў пасаду камандзіра дывізіі «а-Башан».
Падчас нападу «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года Раман Гофман быў цяжка паранены ў перастрэлцы з тэрарыстамі непадалёк ад Сдэрота. Пасля ранення перанёс некалькі аперацыяў.
Пасля прызначэння на пасаду ваеннага аташэ прэм’ер-міністра Гофман будзе павышаны да звання генерал-маёра.