На Гарадзеншчыне маршрутка сутыкнулася з трактарам. Дзесяць пацярпелых
06.04.2024, 15:23
Аварыя 6 красавіка ў Мастоўскім раёне. (Фота: Пул 4 Регион / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
На месцы ДТЗ працуюць следчыя, міліцыя, спецыялісты Дзяржкамітэту судовых экспертыз.
Аварыя з удзелам маршруткі і трактара адбылася раніцай 6 красавіка ў Мастоўскім раёне Гарадзенскай вобласці. Дзевяць асобаў даставілі ў лякарні.
Аварыя 6 красавіка ў Мастоўскім раёне. (Фота: Пул 4 Регион / Telegram)
Як паведамляе «Пул 4 Регион», а 09:30 кіроўца маршруткі «Mercedes», які ехаў з Берасця ў Горадню, на скрыжаванні ля павароту на вёску Жылічы спрабаваў абагнаць трактар «МТЗ», які паварочваў налева. У выніку адбылося сутыкненне, маршрутка перакулілася на бок.
У яе салоне разам з кіроўцам было 20 асобаў, 10 з якіх пацярпелі, у тым ліку двое падлеткаў. У лякарні Горадні з рознымі траўмамі дастаўленыя 9 чалавек.
Аварыя 6 красавіка ў Мастоўскім раёне. (Фота: Пул 4 Регион / Telegram)
Цяпер на месцы ДТЗ працуюць следча-аператыўная група падраздзяленняў Следчага камітэту, міліцыя, спецыялісты Дзяржкамітэту судовых экспертыз. Вырашаецца пытанне распачацця крымінальнай справы. Паводле папярэдняй інфармацыі, рамянямі бяспекі ніхто з пасажыраў не карыстаўся.
Тэлеграм-канал «Здравоохранение Гродненщины» піша, што пацярпелыя атрымалі закрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы канечнасцей, носа, а таксама ўдары. Стан усіх пацыентаў ацэньваецца як стабільны.
Нагадаем, што сёлета ў Беларусі быў прыняты новы закон пра перавозкі пасажыраў.