Расейскае пасольства ў Вільні двойчы закідалі кактэйлямі Молатава
08.04.2024, 13:06
Вуліца, на якой адбылося здарэнне. (Фота: delfi.lt)
podpis źródła zdjęcia
Са шкоды – пашкоджаная сцяна. Пра пацярпелых не паведамляецца.
У Вільні дзве ночы запар – 7 і 8 красавіка – невядомыя кідалі ў расейскае пасольства бутэлькі з запальнай сумессю. Пра гэта піша «Delfi» са спасылкай на Дэпартамент паліцыі Літвы.
Вуліца, на якой адбылося здарэнне. (Фота: delfi.lt)
Першы інцыдэнт адбыўся 7 красавіка, а 2:15. У паведамленні паліцыі гаворыцца, што ў Вільні, на вуліцы Герояў Украіны, неўстаноўленая асоба кінула ў будынак пасольства бутэльку з запальнай сумессю. У выніку пашкоджаная сцяна.
Другі раз тое ж самае адбылося 8 красавіка, а 2:46. Таксама пашкоджаная сцяна.
На падставе гэтых фактаў вядзецца расследаванне.
У канцы сакавіка актывіст Валдас Барткявічус прынёс вядро з фекаліямі да пасольства, калі там утварыўся мемарыял у памяць пра загінулых падчас тэракту ў «Crocus City Hall».
«Два гады, як Украіну бамбяць кожны дзень. Кожны тыдзень наведваю амбасаду Украіны і не бачу там столькі кветак, як у штаб-кватэры тэрарыстаў у Вільні», – напісаў тады ў Facebook Барткявічус.
Такі крок асудзіў антываенны актывіст Аркадыюс Вінакурас. Такім чынам Барткяічус абразіў Літву, лічыць Вінакурас.