МАГАТЭ: на тэрыторыі Запарожскай АЭС выбухнуў беспілотнік
07.04.2024, 19:16
Запарожская АЭС. (Фота: Энергаатом/Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Расея і Украіна вінавацяць у здарэнні адзін аднога.
Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) паведаміла, што на Запарожскай АЭС выбухнуў беспілотнік.
Запарожская АЭС. (Фота: Энергаатом/Telegram)
Інфармацыю МАГАТЭ атрымала з ЗАЭС. «Такая дэтанацыя адпавядае назіранням МАГАТЭ», – дадаецца ў паведамленні.
,,
«Я заклікаю ўстрымлівацца ад дзеянняў, якія супярэчаць 5 прынцыпам МАГАТЭ і ставяць пад пагрозу ядравую бяспеку», – заявіў генеральны дырэктар агенцтва Рафаэль Мар’яна Гросі.
МАГАТЭ не ўдакладніла, чый дрон падарваўся на тэрыторыі ЗАЭС.
Расейскі бок абвінаваціў у здарэнні Украіну. У падкантрольным акупацыйнай адміністрацыі Telegram-канале ЗАЭС з’явілася паведамленне, што ЗСУ нібыта атакавалі купал 6-га энергаблоку. Пры гэтым крытычных пашкоджанняў няма, пагрозаў парушэння бяспекі не зафіксавана, радыяцыйны фон не змяніўся. Пацярпелых таксама няма, зазначалася ў паведамленні.
Пазней у Расатаме заявілі, што былі параненыя трое супрацоўнікаў АЭС, адзін з іх цяжка.
Увечары прадстаўнік ГУР Мінабароны Андрэй Юсаў у каментары выданню «Українська правда» заявіў, што Украіна не датычная да інцыдэнту на АЭС і ўсклаў усю адказнасць на Расею.
«Украіна не мае дачынення ні да якіх узброеных правакацый на тэрыторыі незаконна акупаванай Расея ЗАЭС. Дзяржава-агрэсар у чарговы раз падвяргае небяспецы ядравы абʼект, цывільнае насельніцтва і навакольнае асяроддзе ўсёй Еўропы.
,,
Расейскія ўдары, у прыватнасці, імітацыйныя, па тэрыторыі ўкраінскай атамнай станцыі, як і размяшчэнне там войскаў і ўзбраення, мініраванне абʼектаў ЗАЭС даўно ўжо зʼяўляецца вядомай і пастаяннай злачыннай практыкай акупантаў.
Расея павінна вывесці войскі з усіх абʼектаў ЗАЭС, толькі гэта дасць магчымасць аднавіць выкананне ўсіх неабходных міжнародных нормаў і кантролю над важным абʼектам атамнай энергетыкі», – падкрэсліў ён.
Напярэдадні кіраўнік Мінэнерга Украіны Герман Галушчанка распавёў пра свае асцярогі адносна магчымага ядравага інцыдэнту на станцыі з-за расейскіх войскаў.
Запарожская АЭС – найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Еўропе. Расейскія войскі захапілі яе на пачатку сакавіка 2022 года.