Расейцы прасунуліся з поўначы і ўсходу да гораду Часаў Яр. Што вядома?
08.04.2024, 19:01
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Sofiia Gatilova / Reuters / Forum)
podpis źródła zdjęcia
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 8 красавіка.
«Белсат» падводзіць вынікі 775-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Sofiia Gatilova / Reuters / Forum)
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў расейскія вайскоўцы наступалі ў ваколіцах населеных пунктаў Церны, Спірнае, Выемка, Фёдараўка, Раздолаўка і Вясёлае на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне, але паўсюль не дасягнулі поспеху.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што найцяжэйшыя баі ідуць каля Цернаў (так званы торскі выступ на левым беразе ракі Жарабец), дзе фіксуюцца і ўкраінскія контратакі.
Акрамя гэтага крыніца сцвярджае, што ў ваколіцах Белагораўкі УС РФ паступова выціскаюць праціўніка з апорных пунктаў, наносячы па іх удары цяжкімі авіяцыйнымі бомбамі.
На бахмуцкім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру ў ваколіцах населеных пунктаў Багданаўка, Часаў Яр, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.
Прарасейскі ваенны эксперт Барыс Рожын гаворыць, што войскі РФ выбілі праціўніка з лесапаласы каля сяла Грыгораўка (на захадзе ад Багданаўкі) і выйшлі да ўскрайкаў самога сяла. Такім чынам, на думку Рожына, расейцы намагаюцца абысці з поўначы суседні горад Часаў Яр.
У гэты ж час прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ занялі паўднёва-заходнюю частку Багданаўкі, такім чынам самое сяло апынулася пад іх поўным кантролем. Пры гэтым адзначаецца, што ЗСУ адышлі ў сяло Калінаўка (на захадзе ад Багданаўкі і поўдні ад Грыгораўкі адпаведна), дзе цяпер і праходзіць лінія сутыкнення.
Паводле крыніцы, цяпер украінцы выбудоўваць новы рубеж абароны ўздоўж каналу Северскі Данец – Данбас.
Адначасова з гэтым працягваюцца баі ў Часавым Яры (раён на ўсходзе ад каналу), дзе пакуль украінцы захоўваюць кантроль над большай часткай вышынных будынкаў. Паводле тэлеграм-каналу «Рыбарь», украінцы будуць абараняць гэтую частку гораду, пакуль не будзе завершаная лінія абароны каля каналу.
Далей на поўдзень па фронце расейцы ціснуць на захадзе ад сяла Іванаўскае, імкнучыся таксама выйсці да каналу Северскі Данец – Данбас, а таксама заняць панавальныя вышыні ў ваколіцах мясцовага заказніку.
Вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону ў ваколіцах гораду Часаў Яр, гавораць, што найвялікшай праблемай для іх з’яўляецца выкарыстанне праціўнікам цяжкіх авіяцыйных бомбаў, пры дапамозе якіх знішчаюцца нават самыя падрыхтаваныя пазіцыі. І калі гэтая праблема не будзе развязаная, то ў перспектыве расейцы зруйнуюць горад, як гэта было раней з Бахмутам і Аўдзееўкай, і Збройным сілам давядзецца адступіць.
На самым поўдні бахмуцкага кірунку фіксуюцца цяжкія баі ў ваколіцах Тарэцку, але пра змены лініі фронту не паведамляецца.
Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» піша, што на поўначы аўдзееўскага кірунку штурмавыя групы войскаў РФ здзейснілі рывок побач з лесапаласой на ўсходзе ад сяла Новакалінавае, пасля чаго прарваліся да будынкаў мясцовай фермы і замацаваліся.
Такім чынам, паводле крыніцы, лінія сутыкнення ўсталявалася на адлегласці менш за 800 метраў ад самога населенага пункту.
«Рыбарь» паведамляе, што таксама Узброеныя сілы РФ ціснуць на некалькіх участках фронту на захадзе ад Аўдзееўкі. У прыватнасці, УС РФ амаль цалкам занялі Бэрдычы, а таксама прасунуліся паміж сялом і суседняй Арлоўкай.
Адначасова з гэтым працягваецца штурм Сямёнаўкі: расейцы зайшлі ў сяло з поўдня, і цяпер кантралююць прынамсі палову забудовы.
Далей на поўдзень расейцы рухаюцца з боку Танэнькага да Уманскага, а таксама з ваколіцаў Первамайскага ў да Няйталава – паўсюль ёсць прасоўванні.
Поспехі войскаў РФ на апошнім ўчастку ускосна пацвярджае ўкраінскае камандаванне, якое піша пра адбіццё атак праціўніка ў ваколіцах Няйталава.
Міністэрства абароны РФ фіксуе контратакі ЗСУ па ўсёй лініі сутыкнення з захаду ад Аўдзееўкі.
На навапаўлаўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, сілы абароны краіны адбілі не менш за 22 атакі ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.
Між тым ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што УС РФ прасоўваюцца ў сяле Новаміхайлаўка. Пры гэтым адзначаецца, што ўкраінцы актыўна абараняюцца, праводзячы контратакі.
Яшчэ адна прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» – паведамляе, што таксама войскі РФ занялі некалькі апорных пунктаў у ваколіцах зруйнаванага гораду Мар’інка.
На бярдзянскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.
Украінскі бок паведамляе пра няўдалыя атакі праціўніка каля сяла Старамаёрскае.
Разам з тым у Мінабароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы палепшылі становішча па пярэднім краі ў ваколіцах гэта населенага пункту і каля суседняга Ураджайнага.
У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці расейцы наступаюць на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (на поўдні ад гораду Арэхаў), але істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.
У Херсонскай вобласці, паводле ўкраінскага камандавання, Узброеныя сілы РФ цягам апошніх содняў прынамсі восем разоў атакавалі на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць ЗСУ з займаных плацдармаў, але поспеху не дасягнулі.
Між тым тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што войскі РФ усё ж скарачаюць зону кантролю ўкраінцаў у сяле Крынкі.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.