навіны

Расея ўчыніла масаваную атаку на энергетычную інфраструктуру Украіны

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Найбольш складаная сітуацыя цяпер у Харкаўскай вобласці.

У ноч з 10 на 11 красавіка Расея нанесла чарговы ўдар па энергетычнай інфраструктуры Украіны з выкарыстаннем ракетаў і дронаў-камікадзэ. Інфармацыі пра загінулых і пацярпелых пакуль няма.


,,

«Уначы расейскія акупанты нанеслі чарговы масаваны ўдар па Украіне, выкарыстаўшы крылатыя ракеты і БпЛА тыпу «Shahed-136/131». Паводле папярэдняй інфармацыі, сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны 37 з 40 БпЛА былі знішчаны», – заявілі ў Генеральным штабе ЗСУ.


Міністр энергетыкі Герман Галушчанка паведаміў, што былі атакаваныя абʼекты генерацыі і сістэмы перадачы ў Харкаўскай, Запарожскай, Львоўскай і Кіеўскай абласцях. Энергетыкі ўжо працуюць над ліквідацыяй наступстваў. Энергетычная кампанія ДПЭК падкрэслівае, што сурʼёзнае пашкоджанне атрымала абсталяванне на дзвюх цеплаэлектрастанцыях.
Найбольш складаная сітуацыя цяпер у Харкаўскай вобласці. Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сынегубаў паведаміў, што расейцы нанеслі не менш за 10 удараў па энергетычнай інфраструктуры Харкава і вобласці. Узніклі перабоі з электразабеспячэннем, спынілася метро.
Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба ўдакладняе, што ў Харкаве цяпер больш за 200 тысяч абанентаў засталіся без электрычнасці, а метрапалітэн працуе ў якасці сховішча.


,,

«Краіна-тэрарыст намагаецца знішчыць інфраструктуру Харкава і пакінуць горад у цемры», – зазначыў ён.


Кіеўская абласная вайсковая адміністрацыя паведамляе, што вобласць зазнала масаваны ўдар дронамі-камікадзэ і ракетамі. Быў атакаваны аб’ект крытычнай інфраструктуры, адбыўся пажар.
Кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпэр паведаміў, што абломкі збітых дронаў-камікадзэ ўпалі на тэрыторыі энергетычнага аб’екту і выклікалі пажар. Ніхто не пацярпеў, адключэння электрычнасці не было.
Кіраўнік Львоўскай абласной адміністрацыі Максім Казіцкі распавёў, што на Львоўшчыне быў атакаваны абʼект газаразмеркавальнай інфраструктуры ў Стрыйскім раёне і электрападстанцыя ў Чырвонаградскім. Узніклі пажары, іх ужо патушылі. Усе сістэмы жыццезабеспячэння Львоўскай вобласці працуюць у штатным рэжыме, зазначыў чыноўнік.
Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10