Як вынікае з інфармацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна», усіх трох музыкаў гурта «Nizkiz» – Аляксандра Ільіна, Сяргея Кульшу і Дзмітрыя Халяўкіна – асудзілі да «хатняй хіміі» і вызвалілі ў судовай зале.
Музыкаў засудзілі паводле арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» да 2,5 года абмежавання волі без скіравання ў папраўчую ўстанову, паведамляе «Mayday Team». Гэты артыкул называюць народным, паводле яго судзяць за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
«Вясна» дадала асуджаных музыкаў у спіс былых палітычных вязняў.
Адначасова МУС дадало Аляксандра Ільіна, Сяргея Кульшу і Дзмітрыя Халяўкіна ў спіс «экстрэмістаў».
Пасля 2020 года гурт «Nizkiz» заставаўся ў Беларусі, раз-пораз выязджаў за мяжу на гастролі. Прапаганда ж сцвярджала, што музыкі нібыта з’ехалі і былі затрыманыя па вяртанні 6 студзеня 2024-га. Гурт не ўтойваў удзелу ў мірных пратэстах, паказваў паходы на маршы ў кліпе на песню «Правілы», якая сталася адным з гімнаў пратэстаў 2020 года.