Выйшаў на волю экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрыеў. Ён цалкам адбыў тэрмін
20.04.2024, 15:17
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Падчас зняволення памерла маці палітыка, якая цяжка перажывала арышт сына.
20 красавіка з папраўчай калоніі № 3 пад Віцебскам выйшаў на волю былы кандыдат у прэзідэнта Беларусі Андрэй Дзмітрыеў. Пра гэта радыё «Свабода» паведаміў ягоны сябар, які цяпер знаходзіцца за мяжой.
(Фота: Белсат)
Паводле сябра, Андрэй Дзмітрыеў адчувае сябе нармальна і «перадае прывітанне ўсім сябрам і знаёмым людзям, якія за яго перажывалі». Палітык хоча прыйсці ў сябе.
Пра апошнія месяцы ў калоніі палітык распавядаў, што «змяніў прафесію, замест ачысткі дратоў збіраў зэдлікі ды іншую простую мэблю».
,,
«У вольны час чытаў, наведваў спартовую пляцоўку, пры магчымасці хадзіў у храм. Ні на што не скардзіўся», – распавёў сябар Дзмітрыева.
Палітык цалкам адбыў прызначаны яму тэрмін зняволення.
Лідар «Гавары праўду» Дзмітрыеў быў кандыдатам на прэзідэнцтва на выбарах 2020 года. Калі пачаліся паслявыбарчыя рэпрэсіі, палітык не з’ехаў за мяжу. Затрымалі яго 11 студзеня 2023 года. 6 лютага яго прызналі палітвязнем.
Разгляд крымінальнай справы пачаўся 5 красавіка і прайшоў даволі хутка. У судзе сустаршыня «Гавары праўду» прызнаў, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах, але падкрэсліў, што віны за гэты не адчувае.
Дзмітрыева прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Яго пакаралі 1,5 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі. Прысуд вынесла суддзя Кацярына Мурашка.
Неўзабаве пасля гэтага памерла маці палітыка, якая цяжка перажывала арышт і зняволенне сына.