Чаму пачалі часцей з’яўляцца навіны пра самагубства вайскоўцаў і сілавікоў? Разважае Азараў
24.04.2024, 18:15
Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL (Фота: Аліса Ганчар)
podpis źródła zdjęcia
У беларускім грамадстве цяпер пануе дэпрэсія, канстатуе кіраўнік «BYPOL».
Паводле звестак «BYPOL», падчас вучэнняў на Абуз-Лясноўскім палігоне загінуў вайсковец – імаверна, учыніў самагубства. Кіраўнік арганізацыі былых сілавікоў расказаў «Белсату», чаму такія навіны становяцца ўсё часцейшымі.
Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL (Фота: Аліса Ганчар)
Кіраўнік арганізацыі былых беларускіх сілавікоў «BYPOL» Аляксандр Азараў расказаў «Белсату», што інфармацыю пра смерць падчас вучэнняў на Абуз-Лясноўскім палігоне правяралі некалькі дзён, пацверджанні знайшлі, хоць у вайсковай частцы старанна ўтойваюць інфармацыю аб здарэнні.
,,
«Правяраюцца дзве версіі, – расказаў Азараў. – Першая версія – неасцярожнае абыходжанне са зброяй. А другая – самагубства. Версія забойства не разглядаецца. Усе схіляюцца да версіі менавіта самагубства».
Паводле Азарава, цяпер утаіць такую інфармацыю немагчыма, раней ці пазней грамадскасць даведаецца пра смерць у войску. Раней такія навіны з’яўлялася рэдка, бо і выпадкаў смерці ў войску было няшмат. Пасля 2020 года ці не кожны месяц здараецца самагубства вайскоўцаў ці сілавікоў, адзначыў Азараў.
А гэта паказвае, што ў беларускім грамадстве цяпер пануе дэпрэсія, канстатуе Азараў. Гэтая дэпрэсія выкліканая тым, што ў 2020 годзе беларускі народ спадзяваўся на змену рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, але пратэсты былі задушаныя, трываюць масавыя рэпрэсіі і штодзённыя пасадкі ў турмы.
Для вайскоўцаў могуць мець значэнне і частыя вучэнні: Азараў кажа, што вайскоўцы не думаюць пра свае перакананні і жыццёвыя пазіцыі, вайну ва Украіне, а проста выконваюць загады, але нікому не падабаецца жыццё на палігоне – у намёце ў лесе без сувязі з родзічамі і сябрамі. І, вядома, Беларусь саўдзельнічае ў вайне ва Украіне – вайскоўцы разумеюць, што раней ці пазней можа быць створаная анансаваная супольная групоўка войскаў, могуць паслаць на вайну і яны вернуцца дамоў «у мяшку», а гэта таксама ўплывае на маральны клімат.
У 2023 годзе вядома пра мінімум чатыры выпадкі самагубства ў беларускім войску, прынамсі адзін выпадак быў ужо ў 2024-м. Часцейшымі зрабіліся і выпадкі загадкавай смерці сілавікоў – магчыма, некаторыя з іх былі самагубствам. Самагубства можа ўчыніць і просты рабочы, і зорка вялікага спорту.
Ці не ў кожнай краіне прапаноўваюць бясплатную псіхалагічную дапамогу. У Беларусі яе можна атрымаць праз нумары + 375 17 2722167 (РНПЦ псіхічнага здароўя) і 8 801-100-1611 (Дзіцячая тэлефонная лінія), а таксама праз абласныя нумары. Акрамя таго, па псіхалагічную дапамогу можна звярнуцца ў онлайн-праект «еЗдароўе».