Канада забараніла імпарт расейскага тытану і дазволіла вытворцу самалётаў «Airbus» купляць яго
24.04.2024, 17:09
«Airbus A380». (Фота: Richard Eisenmenger / Pixabay)
podpis źródła zdjęcia
Гэта «забяспечыць гнуткасць» канадскім заводам кампаніі.
Канада недазабараніла імпарт тытану з Расеі. Эмбарга на завоз металу было ўведзенае ў лютым сёлета, аднак цяпер урад дазволіў кампаніі «Airbus» купляць расейскі тытан. Як піша агенцтва «Reuters», гэта растлумачылі тым, што пастанова «забяспечыць гнуткасць» канадскім заводам вытворцы самалётаў.
«Airbus A380». (Фота: Richard Eisenmenger / Pixabay)
Яшчэ ў снежні 2022 года кампанія «Airbus» абвесціла пра планы адмовіцца ад расейскага тытану «цягам некалькіх месяцаў», але дагэтуль не здолела знайсці альтэрнатыву. Сёлета ў лютым Канада пашырыла свае санкцыі на гэты метал у чарговым пакеце абмежаванняў, звязаных з вайною ва Украіне. Аднак цяпер урад эксклюзіўна дазволіў вытворцу самалётаў імпартаваць тытан з Расеі.
«Гэты крок забяспечыць гнуткасць канадскім заводам «Airbus» і, як чакаецца, развее занепакоенасць, што галоўныя аперацыі кампаніі могуць пацярпець праз фактычную забарону на імпарт у Канаду самалётаў еўрапейскай зборкі, якія найбольш залежаць ад лёгкага тытану», – піша «Reuters».
Кампанія пацвердзіла, што атрымала ад канадскіх уладаў адмысловую ліцэнзію, аднак не ўдакладніла, калі гэта адбылося і на які тэрмін імпарт дазволены.
Урад Канады яшчэ не каментаваў выдадзенага кампаніі «Airbus» дазволу.
Расея – адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў тытану. Пры гэтым кампанія «Boeing» адмовілася ад супрацы з Расеяй у гэтай галіне, павялічыўшы куплю металу ў ЗША, Японіі, Кітаі і Казахстане.