У Менску маладую маці-адзіночку будуць судзіць па трох палітычных артыкулах
25.04.2024, 18:57
Кацярына Шаблінская-Іванова. (Фота: viasna96 / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Па адным з артыкулаў ёй пагражае ад 4 да 12 гадоў калоніі.
15 траўня ў Менскім гарадскім судзе пачнуць разглядаць справу 33-гадовай Кацярыны Шаблінскай-Івановай. Мінімальнае пакаранне па артыкулах, па якіх абвінавачваюць жанчыну – чатыры гады калоніі. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
Кацярына Шаблінская-Іванова. (Фота: viasna96 / Telegram)
Паводле выдання, Кацярыне Шаблінскай-Івановай 33 гады. Пасля школы яна скончыла Менскі дзяржаўны каледж кулінарыі.
У 2015-м Кацярына сустрэла свайго былога мужа, увосень 2017-га ў сям’і нарадзілася дзіця. Але праз два гады пара разышлася – у мужчыны цяпер новыя адносіны. Хлопчыку цяпер шэсць гадоў. Невядома, з кім ён жыве.
Старонкі ў сацыяльных сетках дзяўчыны выглядаюць як тыповыя для маладой маці. Рэпосты мемаў з «Аднакласнікаў» і розных цытатаў, парады для маці, рэцэпты і безліч фота сына ды ягоных дасягненняў.
Апошняя публікацыя ў сацсетках Кацярыны – гэта віншаванне сына з 1 верасня 2023. У гэты дзень ён пайшоў у апошні год дзіцячага садку. Пасля гэтага жанчына не была онлайн. Імаверна, яна была затрыманая ў гэты час, зазначае «Наша Ніва».
Жанчыне інкрымінаваныя тры артыкулы Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 («Распальванне варожасці або варажнечы»), ч. 1 арт. 342 («Удзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак або заклікі да такіх дзеянняў») і ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцыяў або іншыя дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды дзяржаве»).
Па апошнім, самым цяжкім, ёй пагражае ад 4 да 12 гадоў калоніі, а іншыя віды пакарання не прадугледжаныя.