Улады мэтава раскручваюць у Беларусі шпіёнаманію.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка, які яшчэ нядаўна ўзначальваў Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, выступіў з чарговай прамовай пра пагрозу з Захаду.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка заявіў, што «спробы разгайдаць нашае грамадства будуць працягвацца», асабліва напярэдадні выбарчай кампаніі, якая мае адбыцца ў 2025 годзе. «Але мы мусім, як указаў кіраўнік дзяржавы, захаваць Беларусь і яе народ, пажадана без вайны», – цытуе яго БелТА.
Сергеенка зазначыў, што цяпер барацьба з тэрарызмам і экстрэмізмам (нагадаем, абвінавачанні ў «экстрэмізме» і «тэрарызме» ўлады ў Беларусі выкарыстоўваюць для расправы з іншадумцамі) залежыць ад кожнай асобы. Ён заклікаў беларусаў быць пільнымі і інфармаваць уладу пра любыя факты, што могуць «дэстабілізаваць абставіны ў краіне». Паводле яго, гэта «фактар гарантавання ўласнай бяспекі, бяспекі сваіх блізкіх».
,, «Неабходна нам актыўна даносіць да людзей тэзіс прэзідэнта, што заходнія спецслужбы сёння глядзяць на нашых людзей, і асабліва на моладзь, як на вярбовачны матэрыял», – сказаў Ігар Сергеенка.
Заява Сергеенкі прагучала на фоне з’яўлення навінаў пра затрыманне некалькіх студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту, якія нібыта былі завербаваныя спецслужбамі Украіны.
Глеб Нержын belsat.eu